У нядзелю 14 сакавіка, у завяршэнне Масленіцы, давялося пабываць на ўнікальным палесскім абрадзе сустрэчы вясны!
Гэта абрад "Чырачка", з дапамогай якога ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці Беларусі гукаюць вясну. "Чырачкамі" жыхары вёскі Тонеж называюць птушак чыркоў, якія з'яўляюцца прадвеснікамі вясны.
Рыхтавацца да абраду пачынаюць загадзя, у суботу: выпякаюць спецыяльнае печыва ў выглядзе качак-"чырачак", прыносяць з лесу маладую ялінку, вырабляюць жаночае пудзіла.
У нядзелю мясцовыя жыхары, старыя і маладыя, збіраюцца з раніцы ў адным доме. Дзяўчынкі і хлопчыкі ўпрыгожваюць ялінку рознакаляровымі папяровымі кветкамі, каб вясна была яркая і весёлая! Потым адпраўляюцца на гару за вёскай. Наперадзе хлопчыкі нясуць прыбраную ялінку і пудзіла Зімы. Старыя едуць да гары на конных павозках і спяваюць народныя песні. Па шляху ўсім сустрэчным раздаюць печыва "чырачкі".
На гары пачынаецца самае цікавае: клічуць вясну, водзяць карагоды, гуляюць у народныя гульні... Затым хлопцы ўмацоўваюць прыбраную ялінку на высокім дубе, бліжэй да сонца, каб на яе хутчэй зляталіся "чырачкі", потым распальваюць вогнішча і кідаюць у яго пудзіла Зімы.
Яшчэ адзін важны і вельмі вясёлы элемент абраду - качэнне з гары па снезе. Раней лічылася, што калі хаця б адзін раз скаціцца з гары, то ў хаце ўвесь год будзе дабрабыт і ўсе будуць здаровыя! Калі снегу няма, як у гэтым годзе, мясцовыя раскладваюць па зямлі дывановыя дарожкі, і па іх коцяцца з гары.
Кожная добрая гаспадыня прыходзіць на гару з кошыкам пачастункаў, якія пасля завяршэння свята ставяцца на агульны стол і з'ядаюцца разам усімі ўдзельнікамі абраду!
Чытайце таксама: