НАК прадставіў форму алімпійцаў: яе ўпершыню прыдумалі і пашылі ў Беларусі

Дызайн экіпіроўкі для Алімпіяды ў Токіа распрацаваны супрацоўнікамі НАК сумесна са спецыялістамі прыватнага прадпрыемства.
Sputnik

У гонар 30-годдзя з дня свайго ўтварэння Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Беларусі арганізаваў прэзентацыю спартыўнай формы. У чым беларускія атлеты адправяцца ў Токіа на XXXII летнія Алімпійскія гульні, вывучаў Sputnik.

У спартыўна-забаўляльны комплекс Falcon Club Arena запрасілі атлетаў, трэнераў, спартыўных і іншых чыноўнікаў, грамадскіх дзеячаў, артыстаў і журналістаў. Ролю гаспадара свята ўзяў на сябе кіраўнік НАК Віктар Лукашэнка.

Вітаючы гасцей, ён адзначыў, што беларускія спартсмены пастараюцца годна прадставіць краіну на будучых Гульнях у Японіі, з гонарам несучы сцяг роднай Беларусі.

"Лепшым падарункам да юбілею НАК будзе паспяховае выступленне нашых атлетаў на Алімпіядзе. Я вельмі спадзяюся, што яны цалкам выкладуцца на Гульнях. Дакладней, я ў гэтым упэўнены. Мы бачым па выніках кваліфікацыйных спаборніцтваў, што патэнцыял вялікі", - сказаў Віктар Лукашэнка.

Кіраўнік НАК таксама адзначыў, што за кароткі прамежак часу ўдалося шмат чаго дасягнуць на спартыўнай арэне. "НАК адкрыты для добрых ініцыятыў, гатовы падтрымаць любыя праекты не толькі ў Беларусі, але і на міжнародным узроўні", - дадаў ён.

НАК прадставіў форму алімпійцаў: яе ўпершыню прыдумалі і пашылі ў Беларусі
Віктар Лукашэнка распавёў, што дызайн экіпіроўкі распрацаваны супрацоўнікамі НАК сумесна са спецыялістамі прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Сола-Пінск".

Спартыўную вопратку прадэманстравалі дзяўчыны і хлопцы з Нацыянальнай школы прыгажосці. На паказ прыйшлі першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў, віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук і былы пасол Расіі ў Беларусі, а цяпер - дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.

НАК прадставіў форму алімпійцаў: яе ўпершыню прыдумалі і пашылі ў Беларусі

Форму шыюць на Палессі

Як распавёў Sputnik генеральны дырэктар "Сола-Пінск" Васіль Горагляд, для ўсіх работнікаў прадпрыемства вялікі гонар шыць форму для ўдзельнікаў Алімпійскіх гульняў.

Да гэтага самы буйны заказ, які выконвалі пінскія вытворцы, - спартыўная экіпіроўка, а таксама форма для валанцёраў II Еўрапейскіх гульняў. Цяпер, па словах гендырэктара, - новы выклік.

"Са спартыўнай тэматыкай мы працуем ужо сем гадоў. Пачыналі з невялікіх партый для асобных відаў спорту. Зараз выйшлі на алімпійскія вышыні. Лічу, што гэта - добрая адзнака працы ўсяго нашага калектыву", - адзначыў Васіль Горагляд.

Паводле яго слоў, на прадпрыемстве пастараліся ўлічыць пажаданні саміх атлетаў, а таксама сучасныя тэндэнцыі ў свеце моды і зрабіць вопратку зручнай і прыгожай.

НАК прадставіў форму алімпійцаў: яе ўпершыню прыдумалі і пашылі ў Беларусі

"У нас працуе больш за трыста чалавек, ёсць сваё дызайн-бюро, нядаўна стварылі эксперыментальны цэх, выкарыстоўваем сучаснае абсталяванне, закупляем якасныя матэрыялы. Але галоўнае - у нас вельмі добрыя людзі, якія працуюць творча, з выдумкай", - падкрэсліў Васіль Горагляд.

Апошняе слова за атлетамі

Папярэдні паказ формы беларускіх спартсменаў для Алімпіяды ў Токіа адбыўся ў канцы 2019 года. У Палацы Незалежнасці экіпіроўку, вырабленую прадпрыемствамі "Сола-Пінск" і "Свiтанак", прадэманстравалі прэзідэнту Беларусі і на той момант старшыні НАК Аляксандру Лукашэнку. У прэзентацыі ўдзельнічалі гімнастка Ксенія Санковіч і плыўчыха Аляксандра Герасіменя.

НАК прадставіў форму алімпійцаў: яе ўпершыню прыдумалі і пашылі ў Беларусі

Прэзідэнту ўзоры формы спадабаліся, аднак ён прапанаваў, каб канчатковае рашэнне было прынята пасля апытання грамадскасці, у першую чаргу саміх атлетаў. Што, уласна, і адбылося: ужо ў пачатку 2020 года НАК запрасіў у штаб-кватэру прадстаўнікоў розных відаў спорту для таго, каб ацаніць ўзоры экіпіроўкі.

Вядомыя спартсмены Любоў Чаркашына, Аляксандра Наркевіч, Ксенія Санковіч, Марыя Ганчарова, Аляксандр Багдановіч, Васіліса Марзалюк, Дзмітрый Даўгалёнак і Таццяна Драздоўская, а таксама тэлевядучая Ганна Эйсмант прыдзірліва вывучылі форму і ў рэшце рэшт спыніліся на канцэпцыі пінскага прадпрыемства.

У якой форме беларусы выступалі на Алімпіядах

Для дэлегацыі, якая адпраўляецца на Алімпійскія гульні, звычайна шыюць два камплекты адзення: парадна-грамадзянскі (за яго адказвае Міністэрства спорту і турызму) і спартыўны (ён ў падпарадкаванні НАК).

НАК прадставіў форму алімпійцаў: яе ўпершыню прыдумалі і пашылі ў Беларусі

Раней спартыўную экіпіроўку беларусы заказвалі за мяжой. Да прыкладу, на Алімпіядах у Атланце і Нагана яны насілі касцюмы ад нямецкай фірмы Adidas. Для Гульняў у Сіднэі і Афінах беларускія алімпійцы атрымалі форму ад італьянскага брэнда Fila.

Двойчы было кітайскае адзенне - на Гульнях у Пекіне і Лондане. Пастаўкай формы для ўдзелу ў Алімпіядзе ў Ванкуверы займалася кампанія з Ганконга.

На трох Алімпійскіх гульнях (у Сочы, Рыа-дэ-Жанейра і Пхенчхане) беларускія атлеты фарсілі ў вопратцы ад літоўскай фірмы Audimas.

Цяпер прыйшла чарга айчынных вытворцаў.