МІНСК, 14 кра - Sputnik. Удзельнікі 13-й экспедыцыі ў Антарктыду ў сярэдзіне траўня вернуцца на радзіму, пра гэта карэспандэнту Sputnik паведаміў начальнік даследчай місіі Аляксей Гайдашоў.
На шляху дадому
Лагістыка па вяртанні дзесяці беларускіх вучоных выбудавана сумесна з расійскімі спецыялістамі. Так, пасля пагрузкі на навукова-даследчае судна "Акадэмік Фёдараў" удзельнікі экспедыцыі з Беларусі спачатку зойдуць у раён станцыі Новалазараўская і Белінсгаузен, дзе базіруюцца вучоныя з Расіі. Адтуль карабель адправіцца ў паўднёваафрыканскі порт Кейптаўн.
Па словах начальніка беларускай антарктычнай экспедыцыі, усе члены каманды авіярэйсам прыбудуць у Мінск у сярэдзіне траўня 2021 года.
"Карэктывы ў далейшы маршрут 13 БАЭ можа ўнесці толькі змена эпідэміялагічнай сітуацыі ў ПАР па COVID-19. Спадзяемся, што да моманту прыбыцця супрацоўнікаў 13 БАЭ ў Кейптаўн у сярэдзіне траўня, сітуацыя будзе заставацца спрыяльнай для вылету ў Беларусь", - распавёў Аляксей Гайдашоў.
Абышлося без здарэнняў
Падчас экспедыцыі беларускіх палярнікаў, нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы знаходжання на станцыі, вучоныя пазбеглі захворванняў і траўм.
"Эпідэміялагічная сітуацыя на беларускай антарктычнай станцыі была стабільна нармальнай. Асабісты склад здаровы", - праінфармаваў кіраўнік экспедыцыі.
Дарэчы, у сезоне 2020-2021 гадоў станцыя на Гары Вячэрняя папоўнілася новым модулем. Каманда зманціравала дадатковы блок. Гэта медыцынскі адсек, які афіцыйна атрымаў назву хірургічнай аперацыйнай і амбулаторыя. Памяшканне абсталявана ўсім неабходным, каб праводзіць складаныя ўмяшанні, дыягностыку і лячэнне ўдзельнікаў экспедыцыі, а таксама аказваць медыцынскія паслугі.
Праца ў інтарэсах навукі
Уся прызначаная на цяперашні сезон праграма даследаванняў у Антарктыдзе выканана цалкам. У тым ліку, работы па нацыянальнай касмічнай праграме. У чэрвені з порта Санкт-Пецярбургу ў Мінск аўтатранспартам будзе накіраваны груз.
"Паспяховая рэалізацыя ў сезоне 2020-2021 пастаўленых навуковых і тэхнічных задач у максімальнай ступені будзе спрыяць працэсу падрыхтоўкі беларускай антарктычнай станцыі да пераходу ў рэжым круглагадовай працы", - паведаміў начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі.
Нагадаем, што беларускія палярнікі пачалі даследчую місію на Паўднёвым полюсе Зямлі ў снежні 2020 года. У склад увайшлі 10 беларусаў: лекары, біёлагі, IT-спецыялісты і механікі.
Чытайце таксама:
- З Антарктыды з гарачай любоўю: беларускія палярнікі павіншавалі жанчын
- Віншаванні з Зямлі Эндэрбі: беларусы завяршылі перакідку ў Антарктыду
- Беларускія палярнікі ў Антарктыдзе павіншавалі навукоўцаў з Днём навукі