Вы таксама думалі, што сабак на мяжы прыкормліваюць наркотыкамі?
"Гэта зман!" - запэўніваюць кінолагі. Устойлівы стэрэатып не рэдка падсілкоўваецца чуткамі і перыядычна тыражуецца ў прэсе.
На самай справе ў аснове дрэсіроўкі службовых сабак - гульня, падмацаваная пазітыўнымі эмоцыямі, пахвалой і ласункам. Пра гэта Sputnik распавёў начальнік кіналагічнага аддзела Віцебскай мытні Іван Алексін.
Тэрміновую службу Алексін праходзіў у кіналагічным цэнтры органаў пагранічнай службы Беларусі, што ў Смаргоні. Затым служыў у Гомельскай пагрангрупе, на мяжы з Украінай. У мытнай кіналагічнай службе з 2015 года. Прыйшоў туды са сваім сабакам Мірай. Яна - член сям'і і ўсеагульная любіміца.
Першую партыю наркотыкаў аўчарка выявіла ў дзевяцімесячным узросце. Два гады таму ў пункце пропуску "Урбаны" Міра затрымала больш за 300 кілаграмаў гашышу.
"Методыка дрэсіроўкі пабудавана на гульні і пазітыве. З ранняга ўзросту важна падабраць для шчанюка самую, самую любімую цацку і пачынаць яе хаваць. У Міры гэта гумовы мячык. Знаходзіць - абавязкова трэба пахваліць, заахвоціць, даць ласунак. Затым побач закладваецца прадмет з пахам наркатычнага сродку. У сабакі паступова выпрацоўваецца рэфлекс: калі яна чуе спецыфічны пах, значыць, побач мячык. Усё досыць проста", - тлумачыць кінолаг Іван Алексін.
За 2020 год кінолагі самастойна і ва ўзаемадзеянні з іншымі структурнымі падраздзяленнямі мытняў выявілі 60 фактаў незаконнага перамяшчэння наркатычных сродкаў праз мытную мяжу.
Глядзіце таксама:
- Сто дзён да прызыву: як растуць і з кім гуляюць шчанюкі кіналагічнага цэнтра - відэа
- Маніпулянт і кампаньён: які характар у сабакі Лукашэнкі - відэа
- Незвычайнае сяброўства аўчаркі і тхара заваявала інтэрнэт - відэа