МІНСК, 15 чэр - Sputnik. У Беларусі актуалізаваны пералік краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі COVID-19, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
З 16 чэрвеня са спісу "чырвонай зоны" выключаюцца Паўночная Македонія, Сан Марына, Манака, Арменія, Боснія і Герцагавіна, Славакія, Балгарыя, Малдова і Сербія. Цяпер па прыездзе з гэтых краін беларусам не трэба будзе абавязкова самаізалявацца на 10 дзён.
У пераліку "чырвонай зоны" зараз знаходзіцца 132 дзяржавы. З поўным спісам можна азнаёміцца на афіцыйным сайце ведамства.
Апошні раз міністэрства ўносіла змены ў спіс у траўні - тады з яго былі выключаны Албанія, Вялікабрытанія, Мальта і Фінляндыя.
Нагадаем, людзям, якія прыбываюць з краін, якія ўваходзяць у "чырвоную зону", пры перасячэнні мяжы Беларусі неабходна прад'явіць даведкі аб адмоўным аналізе на каронавірусную інфекцыю (на англійскай, рускай ці беларускай мовах), а затым адправіцца на 10-дзённую самаізаляцыю.
Пры гэтым ёсць асобы, на якіх патрабаванні выконваць каранцін не распаўсюджваюцца. Так, бесперашкодны ўезд гарантаваны кіраўнікам і членам афіцыйных дэлегацый, транзітным пасажырам, якія могуць пацвердзіць выезд у тэрмін не больш за адзін дзень.
Таксама выконваць дадатковыя абмежавальныя меры не абавязкова тым, хто вярнуўся са службовай камандзіроўкі, і спецыялістам, якія ажыццяўляюць перавозку ствалавых клетак, органаў і тканак для трансплантацыі.
Чытайце таксама: