У галерэю "Арт-Беларусь" вярнулася "Ева" Хаіма Суціна. Гэта самы дорага ацэнены твор выяўленчага мастацтва ў Беларусі.
"Выдатна, што ўсё на сваіх месцах. Напэўна і веры не было на вяртанне, але сёння такая навіна з раніцы і мы адразу прыбеглі глядзець. Мы паверыць не маглі да апошняга, пакуль не прыйшлі" - адзначыла наведвальніца галерэі Дзіна Юркевіч.
Па словах куратара карпаратыўнай калекцыі банка Аляксандра Зіменкі, работнікі галерэі пастараліся максімальна ўзнавіць класічную экспазіцыю.
"І можам паказаць шэсць работ аўтараў аб'яднання "УНОВИС", якія планавалася паказаць яшчэ ў 2020-ым годзе ў Віцебску, але на жаль пандэмія гэтаму перашкодзіла", - дадаў ён. Сярод навінак - шэсць унікальных прац Яўгеніі Магар, Дзмітрыя Саннікава, Яўхіма Рояка, Льва Юдзіна.
УНОВИС ("Сцвярджальнікі новага мастацтва") - творчае аб'яднанне, якое развівала ідэі супрэматызму, было створана ў 1920-1923 гадах у Віцебскім Народным мастацкім вучылішчы пад кіраўніцтвам Казіміра Малевіча.
"Гэтыя працы да гэтага часу, нават праз 100 гадоў, працягваюць выклікаць пытанні, таму што хтосьці па-ранейшаму не можа зразумець, мастацтва гэта наогул ці не. Гэта тая выдатная з'ява, якая аказала вельмі моцны эфект на развіццё выяўленчага мастацтва ва ўсім свеце ў 20 стагоддзі", - дадаў Аляксандр Зіменка.
Працы Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Цадкін і іншых сусветна вядомых выхадцаў з беларускіх земляў былі вернуты на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь намаганнямі ААТ "Белгазпрамбанк". Сёння ў галерэі "Арт-Беларусь" больш за 50 арт-аб'ектаў.
У чэрвені 2020 года каля 150 твораў мастацтва далучылі да "справы Белгазпрамбанка". ДзяржСМІ паведамлялі, што карціны агульным коштам каля $20 млн "рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны". Творы мастацтва канфіскавалі, з тых часоў яны не выстаўляліся.
Глядзіце таксама: