МІНСК, 26 чэр – Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў органаў пракуратуры з прафесійным святам, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідэра.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў спецыфіку працы, якая патрабуе такіх якасцей, як аб'ектыўнасць, прынцыповасць, стойкасць і крыштальная сумленнасць, "бо ў той пастаяннай барацьбе са злачыннасцю і праявамі карупцыі, якую вы вядзеце, супраць вас дзейнічаюць людзі, якія адмаўляюць усе правілы і нормы маралі", адзначаецца ў віншаванні.
На думку Лукашэнкі, ад выразнай, зладжанай працы і прынцыповай пазіцыі пракуратуры "шмат у чым залежыць далейшае развіццё Беларусі, грамадзянскі мір і згода ў грамадстве", паколькі менавіта пракуратура займаецца каардынацыяй праваахоўнай дзейнасці дзяржорганаў, сказана ў віншавальным тэксце.
"Вы абараняеце канстытуцыйны лад, эфектыўна процідзейнічаючы ўсім спробам дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. Уносіце важкі ўклад у забеспячэнне законнасці, праў грамадзян, суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі", - адзначыў Лукашэнка.
Беларускі лідэр перакананы ў тым, што супрацоўнікі пракуратуры і надалей будуць служыць з гонарам, прафесійна вырашаючы пастаўленыя перад імі задачы.
Чытайце таксама: