Плялі вянкі і скакалі праз вогнішча. Як святкавалі Купалле пад Гродна

Традыцыйныя гулянні праходзілі з песнямі, танцамі да ўпаду і самай вясёлай забавай - скокамі праз вогнішча.
Sputnik
ГРОДНА, 8 ліп - Sputnik, Іна Грышук. Вянкі, народныя гульні, карагоды, песні, танцы да ўпаду і велізарнае вогнішча - усё гэта можна было ўбачыць на Аўгустоўскім канале пад Гродна. Увечары ў сераду 7 ліпеня там зладзілі традыцыйнае Купалле, да гулянняў мог далучыцца любы.
Галоўнымі ўдзельніцамі свята сталі дзяўчаты. Перш за ўсё арганізатары наладзілі для іх паход у лес за кветкамі і травой, пасля - майстар-клас па пляценні вянкоў. Галаўны ўбор з жывых раслін - галоўны атрыбут Купалля - кожная дзяўчына павінна была змайстраваць сама. У ход пайшлі палявыя кветкі, галінкі папараці і бярозы.
Некаторыя дзяўчаты ўпершыню плялі такія вянкі
Пакуль дзяўчаты майстравалі вянкі і рабілі сэлфі, на святочнай пляцоўцы выступаў народны хор з бубнам, баянамі і вясёлымі песнямі. Затым пачаліся народныя танцы. Спачатку рухі традыцыйных для Купалля танцаў паказвалі артысты фальклорнага калектыву, затым запрашалі на пляцоўку ўсіх жадаючых.
Арганізатарам традыцыйнага Купалля быў гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр. Свята сабрала больш за сотню гараджан. Яны вадзілі карагоды і ўдзельнічалі ў вясёлых народных гульнях. Самымі вясёлымі забавамі былі тыя, дзе дзяўчаты і хлопцы выпадковым чынам выбіралі, каго павінны расцалаваць.
Танцавалі на Купаллі не толькі прафесійныя артысты, але і ўсе жадаючыя
Паказалі гасцям свята, як у даўніну выбіралі Купалінку - галоўную гераіню свята. У гэты вечар вырашылі абраць адразу дзвюх дзяўчат - уладальніцу самага прыгожага вянка і самай доўгай касы. Пасля гэтага дзяўчат пасадзілі ў лодку: па задумцы ім трэба было падарожнічаць у лес за таямнічай кветкай папараці. Астатнія дзяўчаты адправіліся да вады, каб кінуць вянкі ў раку і загадаць купальскія жаданні.
Купальскае вогнішча - гэта галоўны сімвал Купалля
Пасля гэтага удзельнікаў абраду запрасілі да вялікага купальскага вогнішча, тут вадзілі карагоды, спявалі старадаўнія песні. Завяршылася свята самай любімай народнай забавай - скокамі праз вогнішча.
Чытайце таксама:
Што азначае Купалле? Традыцыі і прыкметы свята Івана Купалы
Купальская ноч: самае таемнае летняе свята адбылося на возеры Шо на Глыбоччыне
Як святкавалі Купалле ў Строчыцах