Некаторыя эксперты разглядаюць сітуацыю з пандэміяй COVID-19 як прымус да цыфравізацыі - людзі сталі працаваць выдалена. Атрымліваецца, што ў горадзе жыць зусім не абавязкова, каб хадзіць на службу. Таму малое домабудаванне ў прыгараднай зоне апынулася ў прыярытэце.
Дом за горадам
Пандэмія, вядома ж, унесла карэктывы ў працу прадпрыемстваў галіны. Да прыкладу, усе перамовы вядуцца ў асноўным у фармаце відэасувязі, расказаў міністр.
"Вырасла цікавасць да куплі і будаўніцтва загараднай нерухомасці. Людзі, якія працуюць на "удалёнцы" задумваюцца аб неабходнасці набыцця ўласнага жылля за горадам. У будучыні гэта абавязкова паўплывае на павелічэнне спажывання будматэрыялаў", - лічыць Пархамовіч.
Мінбудархітэктуры разам з аблвыканкамамі прымае меры па ўдасканаленні нарматыўнай базы ў гэтым кірунку, дадаў ён. Напрыклад, для комплекснага будаўніцтва індывідуальнага жылля прыцягваюць адзінага забудоўшчыка ў асобе УКБ і іншых дзяржарганізацый. Справа ў тым, што ім для гэтай мэты зямельныя ўчасткі даюцца без аўкцыёну.
У бліжэйшай перспектыве такое будаўніцтва стане больш маштабным. Да жылля падцягнуцца і аб'екты інжынернай, транспартнай, сацыяльнай інфраструктуры, адзначыў Пархамовіч.
"Нягледзячы на пандэмію, будаўнічы комплекс працуе без прастояў і перабояў, рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты. У цэлым назіраецца станоўчая дынаміка. Нашы арганізацыі хутка пераарыентаваліся і наладзілі работу ў новых рэаліях", - падкрэсліў суразмоўца.
Каронавірусныя бар'еры
Пархамовіч паведаміў, што і ва ўмовах каронавіруса беларусы па-ранейшаму прыцягваюцца на буйныя расійскія будоўлі.
Па словах міністра, "пандэмія не аказала ўплыву на колькасць працуючых беларускіх будаўнікоў у Расіі, аднак уведзеныя абмежаванні, безумоўна, адбіліся на часовых выдатках па перамяшчэнню нашых спецыялістаў".
Зараз пытанні дзелавых паездак прадстаўнікоў нашай краіны ў РФ неабходна ўзгадняць з расійскімі партнёрамі пры ўдзеле федэральнага або рэгіянальнага органа выканаўчай улады. Гэта той орган, у вядзенні якога знаходзіцца дзейнасць арганізацыі-заказчыка работ і паслуг. Таму істотна павялічваецца тэрмін атрымання дазволу на ўезд, растлумачыў Пархамовіч.
"Але мы стараемся аператыўна вырашаць праблемныя "пандэмійныя" пытанні. З прыкладаў можна прывесці Калужскую вобласць. Там разгорнуты маштабныя праекты. Каб паскорыць перасячэнне мяжы нашымі будаўнікамі або атрымаць права шматразовага ўезду, мы звярнуліся да губернатара рэгіёну з просьбай вызначыць упаўнаважанага прадстаўніка для аператыўнага ўзаемадзеяння" , - расказаў міністр.
Беларусы ў Расіі
Знешнеэканамічная кан'юнктура сёння такая, што Расія застаецца асноўным напрамкам нарошчвання экспарту. Пашыраецца ўдзел нашых падрадчыкаў у рэгіянальных праектах, канстатаваў Пархамовіч.
Для гэтага створаны "Белбудцентр-холдынг", у склад якога ўвайшлі 19 вядучых прадпрыемстваў комплексу. Спецыялісты аказваюць ўсе віды будаўнічых паслуг на любым этапе, уключаючы мантаж трубаправодаў, узвядзенне мастоў і дарог, будаўніцтва інжынерных камунікацый, паведаміў ён.
Беларусы сёння будуюць жыллё і аб'екты сацыяльнай сферы ў Калужскай, Пскоўскай, Курскай, Калінінградскай, Варонежскай, Ленінградскай абласцях і ў Санкт-Пецярбургу.
"У паўночнай сталіцы Расіі мы будуем дзіцячы сад на 190 месцаў. Зараз вядуцца перамовы аб заключэнні кантрактаў па ўзвядзенню пяці школ і васьмі устаноў дашкольнай адукацыі", - праінфармаваў кіраўнік ведамства.
Ён таксама распавёў аб рэалізацыі так званых "сіметрычных" праектаў: у Пецярбургу з'явіцца "Беларускі жылы квартал", а ў Мінску - Піцерскі.
Вельмі шмат сацыяльных аб'ектаў беларусы ўзводзяць у Калужскай вобласці. У населеных пунктах Кандрова, Медынь, Людзінава і мікрараёне "Байканур" у Калузе будуюцца школы, кожная - на 1000 месцаў. А ў горадзе Мяшчоўск з'явіцца дзіцячы сад з басейнам. Вядзецца будаўніцтва школ таксама ў Варонежскай і Ленінградскай абласцях, удакладніў Пархамовіч.
Белбудцэнтр вядзе будаўніча-мантажныя работы на аб'ектах прамысловасці ў Маскве, Тульскай вобласці, Чачні, Пермскім краі.
Міністр падкрэсліў, што "кожны аб’ект, які ўзводзіцца беларусамі гэта - прадмет гонару".
Экспарт будматэрыялаў
Пархамовіч адзначыў, што попыт на беларускія будматэрыялы заўсёды быў высокі і застаецца такім. І пандэмія тут не стала перашкодай. Галіновая прамысловасць нарошчвае экспарт і не працуе "на склад" на айчынным рынку.
"Мы ўлічваем асаблівасці і патрэбы кожнай краіны і рэгіёну. У ліку самых папулярных тавараў - крышталь, ліставае шкло, цэмент, друз, керамічная плітка, будаўнічыя канструкцыі", - распавёў кіраўнік ведамства.
Міністр прывёў некаторыя лічбы. Напрыклад, па выніках першага квартала бягучага года арганізацыі будаўнічага комплексу паставілі ў Азербайджан прадукцыі на суму больш за 3,5 мільёны долараў, што складае 222,5% да аналагічнага перыяду 2020-га. А ў Казахстан за студзень-красавік толькі прадпрыемствы, якія ўваходзяць у сістэму Мінбудархітэктуры, экспартавалі тавару на суму больш за 2,6 мільёны долараў, тэмп росту да 2020 года склаў 130%.
За першы квартал 2021-га доля адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме вырасла да 27,8% супраць 8,7% у студзені-сакавіку 2020-га.
Дапамога Азербайджану
Пасля трагічнага канфлікту ў Карабаху Беларусь прапанавала Азербайджану дапамогу ў "рэанімацыі" пацярпелых тэрыторый. Беларусы гатовыя аднаўляць жыллё, школы, дзіцячыя сады і бальніцы.
Міністр пацвердзіў намеры беларускага боку. Ён нагадаў, што гатоўнасць аказаць такую падтрымку выказаў прэзідэнт Беларусі ў ходзе перамоваў з азербайджанскім калегам яшчэ ў красавіку.
"Тады ж на сустрэчы са старшынёй Дзяржкамітэта па горадабудаўніцтве і архітэктуры Анарам Гуліевым мы абмеркавалі накірункі супрацоўніцтва, сярод якіх - і магчымы ўдзел беларускіх спецыялістаў у будаўніча-аднаўленчых работах у Карабахская рэгіёне", - распавёў Пархамовіч.
Пазней азербайджанская дэлегацыя наведала нашу краіну. Абмеркавалі развіццё схем комплекснай тэрытарыяльнай забудовы, генпланы гарадскіх і сельскіх населеных пунктаў сучаснага тыпу ў Азербайджане. Дамовіліся і аб узаемных пастаўках будматэрыялаў, адзначыў міністр.
План мерапрыемстваў ужо распрацаваны і накіраваны ў Дзяржаўны камітэт па горадабудаўніцтву і архітэктуры Азербайджана, ідзе падрыхтоўка да заключэння дагаворных адносін.