МІНСК, 21 ліп - Sputnik. Вопыт будаўніцтва БелАЭС цяпер вывучаюць Венгрыя, Турцыя, Егіпет, Узбекістан, Бангладэш, ёсць цікавасць да прыцягнення спецыялістаў і з Беларусі, заявіў намеснік міністра энергетыкі рэспублікі Міхаіл Міхадзюк.
"З боку гэтых краін і "Расатама" ёсць цікавасць да прыцягнення беларускіх спецыялістаў і будаўнікоў да рэалізацыі праектаў па будаўніцтву атамных станцый, а таксама ў сферы падрыхтоўкі кадраў", - сказаў намеснік міністра, выступаючы на семінары для кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі.
Паводле яго слоў, беларусы маюць неабходную кампетэнцыю і вопыт для ўдзелу ў такіх праектах.
Эксплуатацыя БелАЭС
Міхадзюк дадаў, што Беларусь і дзяржкарпарацыя "Расатам" будуць разам працаваць у сферы навукова-тэхнічнага суправаджэння эксплуатацыі БелАЭС. У гэтыя пытанні ўваходзіць падаўжэнне тэрміну службы станцыі, абыходжанне з адпрацаваным ядзерным палівам і радыёактыўнымі адходамі.
Намеснік міністра падкрэсліў, што падрыхтоўка міжурадавага пагаднення па перавозцы ядзерных матэрыялаў знаходзіцца на завяршальным этапе. Акрамя таго, трэба будзе таксама падрыхтаваць міжурадавае пагадненне аб абыходжанні з адпрацаваным ядзерным палівам.
Цэнтр ядзерных даследаванняў
Па словах Міхадзюка, Беларусь і Расія прапрацоўваюць пытанні па стварэнні на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумеснага цэнтра ядзерных і навуковых даследаванняў. Ужо ёсць праекты па стварэнні сумесных лабараторый ў галіне ядзернай медыцыны, а таксама па цыфравізацыі аб'ектаў атамнай энергетыкі і электрасеткавай інфраструктуры.
Акрамя таго, разглядаюцца магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў у сферы квантавых тэхналогій і новых матэрыялаў, даследаванняў у галіне сельскай гаспадаркі і радыебіялогіі.
Атамныя сувязі
Выступаючы на восьмым Форуме рэгіёнаў дзвюх краін, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускі бок будзе гатовы пры неабходнасці дапамагаць Расіі ў будаўніцтве АЭС у трэціх краінах. Паводле яго слоў, ён дамовіўся пра гэта з Уладзімірам Пуціным.
"Мы таксама з прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што пры неабходнасці, а такая неабходнасць ужо ёсць, мы гатовы будзем сумесна з расіянамі ажыццявіць такія праекты за межамі Беларусі і Расіі", - сказаў тады беларускі лідэр.
Чытайце таксама:
Місія МАГАТЭ: Беларусь - прыхільніца ўмацавання рэжыму ядзернай бяспекі
Лук'янаў: праект будаўніцтва БелАЭС - вельмі сур'ёзны для Расіі
Кіраўнік місіі МАГАТЭ пракаменціраваў наведванне БелАЭС