МІНСК, 5 жні – Sputnik. На прадпрыемстве "Белшына" прынята стратэгія развіцця вытворчасці да 2025 года, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі па выніках рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.
Закранаючы работу дадзенага прадпрыемства, кіраўнік урада адзначыў няпростае фінансавае становішча "Белшыны". Уласна, па гэтай прычыне ў кастрычніку мінулага года было прынята рашэнне аб распрацоўцы стратэгіі развіцця.
Запрасілі буйную кансалтынгавую кампанію
Для гэтага на прадпрыемства запрасілі адну з найбуйнейшых сусветных кансалтынгавых кампаній, якія маюць кампетэнцыі ў гэтым сектары прамысловасці, адзначыў Раман Галоўчанка.
"Увесь гэты час гэтая каманда разам з прадстаўнікамі прадпрыемства распрацоўвалі стратэгію. Таму што мы лічым, што па-іншаму выйсці з досыць няпростага фінансавага становішча, у якое патрапіла "Белшына" з-за шэрага прычын, напэўна, немагчыма", - падкрэсліў прэм'ер.
Ён адзначыў, што стратэгія ў цэлым была ўхвалена. І яна дазволіць у бліжэйшыя пяць гадоў прадпрыемству якасна будаваць працу праз рэалізацыю шэрага кіраўнічых рашэнняў: ад планавання вытворчасці да маркетынгу і збыту.
"Гэта менавіта тое рашэнне, якое ў сукупнасці з іншымі мерамі дзяржаўнай падтрымкі дапаможа вырашыць галоўную праблему прадпрыемства - зніжэнне пазыковай нагрузкі і выхад на максімальную вытворчую магутнасць пасля рэалізаваных інвестпраектаў", - дадаў Галоўчанка.
Даўгі не спішуць, а часткова рэструктурызуюць
Пры гэтым ён адзначыў, што дзяржава не будзе аказваць дзяржпадтрымку "Белшыне" ў выглядзе фінансавання. Урад мае намер разгледзець магчымасць частковай рэструктурызацыі запазычанасці і прымянення ільготных умоў для яе пагашэння.
"Але яна будзе жорстка ўвязана з рэалізацый тых мерапрыемстваў, якія прапісаны ў стратэгіі. Пазыковая нагрузка "Белшыны" дастаткова вялікая, як перад бюджэтам, так і камерцыйнымі банкамі. Мы будзем працаваць над комплексным рашэннем", - падкрэсліў кіраўнік Саўміна.
Дзяржпадтрымку прадпрыемстваў знізяць
Па словах Галоўчанка, падобная з "Белшынай" праца вядзецца і на іншых прадпрыемствах. Але ў цэлым дзяржпадтрымка па прамысловасці будзе зніжацца.
"Гэта інструмент, які дзяржава будзе прымяняць не як сістэмную меру, а як дапамогу для тых, хто трапіў у цяжкую сітуацыю, напрыклад, з-за змен на рынку: рэзка вырас кошт сыравіны, кан'юнктура і гэтак далей", - падсумаваў ён.
Завод "Белшына"
"Белшына" - адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў у Еўропе па выпуску аўтамабільных шын, якіх тут больш за 400 разнавіднасцей.
Да 2025 года "Белшына" рэалізуе некалькі буйных інвестпраектаў. Усе яны накіраваны на тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемства.
Адзін з такіх праектаў - "Галоўны корпус завода буйнагабарытных шын. Стварэнне вытворчасці ЦМК шын радыяльнай канструкцыі з пасадачным дыяметрам 25-29 цаляў".
Чытайце таксама:
Пералік горадаўтваральных прадпрыемстваў вызначылі ў Беларусі
Санкцыйны ціск ЕС пагоршыў інвестыцыйны клімат у краіне – Сівак
У Беларусі чакаецца запаволенне эканомікі з-за санкцый – ЕАБР