МІНСК, 5 жні – Sputnik. Стратэгічнае вучэнне "Захад-2021" пройдзе з 10 па 16 верасня, паведаміў падчас брыфінгу начальнік Генштаба - першы намеснік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч.
Паводле яго слоў, вучэнні рыхтуюцца ва ўмовах няпростай абстаноўкі ў рэгіёне і свеце. Беларусь пры гэтым праводзіць адэкватную і міралюбівую палітыку.
"Ля заходніх меж Саюзнай дзяржавы створаны перадавыя цэнтры НАТА ў апошнія гады", - адзначыў Гулевіч.
Начальнік Генштаба - першы намеснік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч
© Sputnik / Виктор Толочко
Пры гэтым ён адзначыў высокую інтэнсіўнасць правядзення ваенных манеўраў НАТА, якія маюць наступальны характар. У мінулым годзе маштабнае вучэнне паўночнаатлантычнага альянсу скарочана было толькі па прычыне пандэміі. У бягучым годзе ў вучэнні "Абаронца Еўропы" задзейнічаны 24 краіны, а непасрэдна ў полі - каля 20 тысяч вайскоўцаў.
Віктар Гулевіч звярнуў увагу, што ў дачыненні да вучэнняў, якія праводзяць Беларусь і Расія, зноў назіраецца залішняя ўвага і пошук "пагрозы з Усходу".
"Вучэнне накіравана на павышэнне навучанасці войскаў. Вучэнне "Захад-2021" носіць абарончы характар".
Пасля чаго выказаў надзею, што пасля брыфінгу будзе менш здагадак у дачыненні да вучэння, якое пройдзе на беларускай тэрыторыі.
"Вучэнне пройдзе з 10 верасня на тэрыторыі Беларусі і 9 палігонах Расіі", - сказаў Віктар Гулевіч.
Сцэнарый вучэння прадугледжвае магчымасць узнікнення канфлікту і развязванне агрэсіі супраць Беларусі і Расіі. Дэстабілізаваць абстаноўку пры знешняй падтрымцы могуць тэрарысты і сепаратысты.
Сцэнарый вучэнняў
Начальнік Генштаба асабліва адзначыў, што тэрыторыі супрацьлеглых бакоў і дзяржаўныя межы на вучэннях вызначаны ўмоўна.
"З аднаго боку - паўночныя, якія ўключаюць Саюзную дзяржаву Рэспублікі Палессе і Цэнтральнай Федэрацыі, з другога боку заходнія - кааліцыя зацікаўленых дзяржаў: Няніс, Памор'е, Палярная рэспубліка і міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі".
Пры гэтым галоўнай прычынай канфлікту з'яўляецца жаданне заходніх дэстабілізаваць абстаноўку на тэрыторыі Рэспублікі Палессе і дамагчыся пагаршэння адносін паміж суб'ектамі Саюзнай дзяржавы.
Віктар Гулевіч таксама сказаў, што супрацьлеглы бок будзе імкнуцца змяніць кіраўніцтва Рэспублікі Палессе і далучыць яе заходнія вобласці да Няніс.
"Аднак не дабіўшыся сваёй мэты і не здолеўшы ініцыяваць унутраны ўзброены канфлікт у Рэспубліцы Палессе, заходнія прыступілі да рэалізацыі найбольш радыкальных мер і развязалі агрэсію супраць Саюзнай дзяржавы", - удакладніў ён сцэнарый вучэнняў.
Пры гэтым Рэспубліка Палессе і Цэнтральная Федэрацыя імкнуцца падтрымліваць стабільнасць, абапіраючыся на нормы міжнароднага права. Такім чынам, яны захоўваюць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць.
Для гэтага будуць прыцягвацца сілы рэгіянальнай групоўкі войск для адэкватнага рэагавання адпаведна ўзроўню ваеннай пагрозы.
Брыфінг Мінабароны, прысвечаны вучэнням "Захад-2021"
© Sputnik / Виктор Толочко
Чаму вучацца ваенныя
"Асноўнымі мэтамі вучэння з'яўляюцца павышэнне ўзроўню гатоўнасці і здольнасці органаў ваеннага кіравання войск і сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі да сумесных дзеянняў пры вырашэнні задачы забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы", - падкрэсліў Віктар Гулевіч.
Паводле яго слоў, гэта таксама будзе спрыяць павышэнню палявой вывучкі і ўзаемадзеянню ў ходзе баявых дзеянняў.
Ваенныя дзвюх краін апрабуюць варыянт сумесных дзеянняў па адбіцці агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ў інтарэсах захавання тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
У выніку практычную вывучку атрымаюць камандзіры, камандуючыя штабамі і вайскоўцы.
"У аснову розыгрышаў практычных эпізодаў пакладзены варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх воінскіх падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войск", - асабліва адзначыў кіраўнік генштаба.
"Захад-2021": сілы і сродкі
Віктар Гулевіч удакладніў, што падчас вучэнняў на беларускай тэрыторыі будуць задзейнічаны 230-ы агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі, 174-ы вучэбны палігон ВПС і СПА Даманаўскі, 210-ы авіяцыйны палігон Ружанскі і палігон Брэсцкі.
На расійскай тэрыторыі ад беларускага боку прымуць удзел амаль 400 ваеннаслужачых і больш за 30 адзінак баявой тэхнікі.
Вучэнні будуць праходзіць у два этапы. У першыя трое сутак будуць адпрацаваны пытанні кіравання падначаленымі злучэннямі і часткамі ў ходзе адбіцця агрэсіі.
На другім этапе працягласцю чацвёра сутак будзе ажыццяўляцца кіраванне войскамі і сіламі ў ходзе завяршэння разгрому праціўніка.
"У адпаведнасці з задумай вучэння колькасць войск, якія ў іх удзельнічаюць, танкаў, БТР, РСЗА і артылерыйскіх сістэм, якія прыцягваюцца, колькасць запланаваных самалёта-вылетаў не перавышаюць узровень, які падлягае абавязковаму назіранню за пэўнымі відамі ваеннай дзейнасці, што ўстанаўліваюцца дамовамі ў галіне кантролю над узбраеннямі", - звярнуў увагу Віктар Гулевіч.
На беларускай тэрыторыі ў вучэннях прыме ўдзел каля 12 800 вайскоўцаў, у тым ліку амаль 2 000 расійскіх вайскоўцаў і да 50 салдат з Казахстана са складу КСАР АДКБ. Таксама будзе задзейнічана да 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 140 танкаў, каля 110 адзінак артылерыі і РСЗА, больш за 30 верталётаў і самалётаў.
У заключэнне Віктар Гулевіч яшчэ раз падкрэсліў, што вучэнне носіць абарончы характар і не нясе пагрозы ні суседнім дзяржавам, ні Еўропе ў цэлым.
Чытайце таксама:
Хрэнін запрасіў Казахстан прыняць удзел у вучэннях "Захад-2021"
Шайгу: выклікае трывогу нарошчванне прысутнасці НАТА каля меж Расіі і Беларусі
Першы эшалон з расійскімі вайскоўцамі прыбыў у Брэст на "Захад-2021"
Беларусь і Расія завяршаюць стварэнне сумесных ваенных цэнтраў
Міністр абароны: Захад працягвае шукаць рашэнне па "беларускім выступе"