"Не рэформа, а імітацыя": што будзе, калі ЦТ і экзамены ў школах сумесцяць?

Па словах эксперта, цяпер на 11-класнікаў падае занадта вялікая нагрузка: за кароткі прамежак яны здаюць у суме 7-8 экзаменаў. Але звядзенне ЦТ і экзаменаў у агульнае выпрабаванне, на яго думку, наўрад ці вырашыць наспеўшыя праблемы сістэмы адукацыі.
Sputnik
МІНСК, 17 жні - Sputnik. Назваць магчымае сумяшчэнне ЦТ і выпускных экзаменаў рэальнай рэформай адукацыі нельга, заявіў Sputnik вядомы беларускі педагог Яўген Лівянт.
Ва ўрадзе 12 жніўня ўхвалілі сумяшчэнне цэнтралізаванага тэсціравання і выпускных экзаменаў у школах, змены могуць уступіць у сілу да 1 верасня 2022 года. Дэталёва іх разгледзяць на рэспубліканскім педсавеце 23-24 жніўня.

Паглядзець на суседзяў

Па словах Яўгена Лівянта, сёння на беларускіх 11-класнікаў прыходзіцца вельмі вялікая нагрузка - чатыры выпускныя экзамены і потым яшчэ тры ці чатыры ЦТ. І гэта ўсё на працягу аднаго месяца.
"У Савецкім Саюзе было па-іншаму: у школе здавалі выпускныя экзамены ў канцы мая-пачатку чэрвеня, а уступныя пачыналіся толькі ў другой палове ліпеня. То бок, у абітурыентаў былі паўтара месяцы, каб перадыхнуць і падрыхтавацца да паступлення", - успамінае ён.
У гэтым пытанні эксперт звяртае ўвагу на суседнія краіны, дзе сістэма адукацыі ў апошні час на ўздыме.

"Зараз у Расіі сумешчаныя экзамены, і мы хочам пайсці па такім жа шляху. Аднак у РФ усё больш складана. Напрыклад, па матэматыцы ёсць базавы экзамен для тых, хто не плануе паступаць у ВНУ, дзе патрэбна матэматыка, і ёсць профільны - для тых , хто збіраецца паступаць у ВНУ матэматычнага профілю", - адзначае ён.

У Польшчы выпускнікі асобна здаюць выпускныя экзамены па матэматыцы, польскай мове і замежнаму - англійскай альбо нямецкай. Калі вучань не здае хоць бы адзін з іх, яму не даюць атэстат, дадае эксперт.
"У такім выпадку вучань можа на працягу лета пераздаць яго і паступіць на незапоўненыя месцы ў ВНУ. Калі "заваліў" два і больш, то паступіць у гэтым годзе ў ВНУ ўжо не атрымаецца. Проста давайце паглядзім, як у суседзяў, і падумаем, як будзе для нас лепш", - лічыць ён.

У слабых школах ацэнкі часта малююць

Паводле яго слоў, калі нацыянальны экзамен (сумяшчэнне ЦТ і школьных экзаменаў - Sputnik) будзе праводзіцца ў школах, то высокая верагоднасць, што экзамены будуць арганізаваны дрэнна.
"Якая мэта ў гэтага ўсяго? Звесці да мінімуму нагрузку на школьнікаў? Магчыма. Але давайце растлумачым такі момант: ЦТ, якое праходзіць у ВНУ, праводзіцца досыць жорстка і сумленна. А школьныя экзамены - з дакладнасцю да наадварот. У моцных школах, як правіла, выпускныя экзамены праводзяцца дастаткова шчыра, а вось у слабых школах ацэнкі вельмі часта малююць. Даюць магчымасць вучням спісаць - абы здаў", - кажа Яўген Лівянт.
Ён лічыць, што ў такім выпадку трэба прыдумаць новую сістэму кантролю.
"У Расіі АДЭ здаюць у школах, але там з 2015 года сістэма кантролю вельмі добрая і яна пастаянна ўдасканальваецца. Прычым, не толькі ў Маскве, але і ў рэгіёнах - што ў Махачкале, што ў Урэнгоі ці Уладзівастоку. Спісаць практычна немагчыма", - канстатуе педагог.
Лівянт таксама думае, што зводзіць ЦТ і выпускныя экзамены заўчасна, паколькі зместцэнтралізаванага тэсціравання не ў поўнай меры адпавядае школьнай праграме.
Ён нагадаў, што пра аб'яднанне ЦТ і экзаменаў у школах гавораць ужо шмат гадоў, а першыя аб'яднаныя выпрабаванні павінны былі напісаць выпускнікі яшчэ гэтага года. На яго думку, не факт, што гэта запрацуе і да 1 верасня 2022 года.
"Але ў першую чаргу трэба казаць не пра тое, як удасканаліць сістэму кантролю ведаў, а як навучыць школьнікаў. Такое адчуванне, што гэта наогул у нас нікому не цікава", - рэзюмуе ён.
Чытайце таксама:
Выпускнікі школ 1 верасня пяройдуць на новую вучэбную праграму - Карпенка
Названы самыя папулярныя спецыяльнасці ў абітурыентаў у Беларусі: гэта не IT
Мінадукацыі распавяло аб нацыянальных рэкордах на ЦТ