Яблык ад яблыні, або Дрэва жыцця ў лёсе нашых продкаў

Этнограф Ларыса Мятлеўская вучыць гатаваць стравы з яблыкаў і распавядае пра традыцыі і павер’і, звязаныя з фруктовым садам.
Sputnik
Штогод надызодзіць час, калі 19 жніўня Царква адзначае Яблычы Спас. З яблычкам ідуць у царкву, каб асвяціць яго, і з ім жа абавязкова імкнуцца трапіць на могілкі, каб пакінуць сакавіты плод на магілцы блізкіх. Святкуючы гэты дзень, у народзе пачынаюць частаваць яблыкамі з новага ўраджаю і гатуюць з іх смачныя стравы.
Чаму ж ў такой пашане ў беларусаў яблыневы сад і чаму яблык дагэтуль у вёсцы лічыцца пачастункам?

Яблычныя завядзёнкі

Шумяць дрэвы ў старым садзе, нагадваючы аб жыцці некалькіх пакаленняў родзічаў. Сад не проста месца, дзе растуць старыя пладовыя дрэвы, гэта сувязь з продкамі. Калі бура ці багаты ўраджай пладоў ломяць галіны, то падсвядома гаспадаром гэта ўспрымаецца як вялікая непрыемнасць, падобная да хваробы блізкага чалавека. І гэта не выпадкова. Сад беларусы ўяўлялі як райскае месца, дзе сярод квітнеючых дрэў і спелых пладоў лятаюць птушкі, гудуць пчолы.
З садам звязаны шматлікія традыцыі і павер'і. Напрыклад нельга ссякаць сад пакуль ён сам не засохне, іначай чалавек можа памерці. Смерць прадракала і позняе цвіценне саду ў параўнанні з суседскім. Каб у садзе было багата пладоў, то ў калядную ноч трэба было басанож пахадзіць па садзе.
Асаблівае стаўленне было да яблыневых дрэў. У міфалогіі і культуры беларусаў яблыня атаясамліваецца з Дрэвам жыцця, у якім захоўваецца сіла, вечнае жыццё і несмяротнасць. Носьбітамі гэтай жыццёвай сілы выступаюць яблыкі, якія ў казках то "залатыя", то "маладзільныя", то "райскія". Вось чаму вяскоўцы людзей, якія ім падабаюцца, імкнуцца адорваць яблыкамі са свайго саду. Гэта азначае жаданне дзяліцца здароўем і дабрабытам.
Сувязь з родам гаспадароў замацавалася і ў вядомых прымаўках: "Яблыкі ад яблыны недалёка адкатваюцца" або "Якая яблына, такія яблыкі". Жадаючы падкрэсліць узрост самага старэйшага казалі, што яго галава "белая бы яблыня". Навукоўцы сцвярджаюць, што ў народнай культуры сама яблыня ўвасабляе ідэю дрэва-продка і сімвалізуе мацярынскі пачатак. Можа таму, калі ў сям'і нараджалася дзяўчынка, то пад яблыневым дрэвам закопвалі дзіцячае месца, жадаючы каб вырасла гэткая ж прыгожая і пладавітая як яблыня.
Акрамя гэтага лічылася, што яблыня - змесціва душ продкаў, якія здольныя падтрымліваць і апякаць, і таму гэта павінна ў будучым прынесці малечы шчасце і дабрабыт. Пра сыценькага, пухленькага дзіцёнка казалі, што ён "гладзенькі, кругленькі, як яблычак".
Вясковыя яблыкі
У народных песнях квітнеючая яблыня атаясамлівалася з нявестай, а сам яблык быў сімвалам кахання. Нават квітнеючы сад у сне прадракаў дзеўцы замужжа, а хлопцу — вяселле. Яблычная сімволіка ў народным сонніку была інакшай. У народзе казалі: "Яблыкі бачыць — няхай Бог бароня, балячкі будуць, слёзы, вялікія непрыемнасці. Яблыкі чыстыя — здароўе, калі іх ясі, то будзеш задаволены сваімі справамі, а чарвівыя трымаць — перасцярога перад ашуканствам, хвароба. Яблынька багата цвітучая — добра; сухая, бязлістная — дрэнна, недахоп грошай, бедната. Яблыньку садзіць — павялічыцца твая маёмасць; вырваць з зямлі сваімі рукамі — страты з тваёй віны".
Старыя сады, як і старыя хаты і нават цэлыя вёскі адыходзяць у нябыт, мяняючы твар сучаснай Беларусі. Многае з таго, што было дорага продкам, незваротна знікае. Але штосці з тых спрадвечных матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей упарта застаецца ў народным побыце і культуры. Людзі любяць і цэняць матуліну кухню, прыроду і яе дары, ганарацца фамільнымі садамі. Ідучы па вёсцы, можна пачуць: "Я раніцай толькі яблыка з’ем і бягу на работу... Яблыкаў ёсць на яблынах... Яблынаў насадзіў салодкіх… Яблына ядрона, шмат яблыкаў на ёй".
Беларуская ж кухня захавала немала цудоўных страў, у якіх выкарыстоўваюцца яблыкі. Вось некаторыя з іх.

Пячонка з яблыкамі

З чаго гатаваць:
150 г яблыкаў,
150 г пячонкі,
150 г смятаны,
30 г цыбулі,
20 г алею,
1 ст лыжка гарчыцы,
мука, соль, перац па смаку.
Як гатаваць. Нарэзаць палоскамі ў 1-1,5см пячонку. Дробна накрышыць цыбулю, яблыкі кружкамі, абваляць у муцэ і абсмажыць на алеі. 3-4 хвіліны абсмажыць пячонку і цыбулю. У тлушч, які застаўся на патэльні дадаць муку, гарчыцу, смятану, крыху вады і ўсё давесці да кіпення. Яблыкі і пячрнку выкладаюць на талерку, паліваюць соусам і пасыпаюць зелянінай.

Яблыкі печаныя з брусніцамі

З чаго гатаваць:
8 яблыкаў,
1 шклянка брусніц,
0,5 шклянкі цукру,
2 ст лыжкі цукровай пудры.
Як гатаваць. Яблыкі памыць, выдаліць асяродак. Паглыбленне зароўніць брусніцамі, змешанымі з цукрам. Падрыхтаваныя яблыкі пакласці на бляху, уліць крыху вады, каб яблыкі не палопаліся і запячы ў духоўцы.
Пры падачы на стол пасыпаць цукровай пудрай. Можна есці з малаком.

Яблыкі фаршыраваныя тварагом

З чаго гатаваць:
4 яблыкі,
100 г тварагу,
1 ст лыжка цукру,
3 яйкі,
4 ст лыжкі варэння,
ванілін або цынамон (карыца)
Як гатаваць. Яблыкі памыць, выдаліць асяродак. У працёрты тварог дадаць два яйкі, расцёртыя з цукрам, ванілін або цынамон і старанна перамяшаць. Гэтай масай запоўніць яблыкі, паверхню тварожнай начынкі змазаць узбітым яйкам. Пакласці яблыкі на патэльню, уліць крыху вады і запячы ў духоўцы. Пры падачы на стол яблыкі паліць варэннем.
Са святам і смачна есці!