Пасольства Беларусі ў Канадзе спыняе працу

Грамадзяне Беларусі, якія пражываюць у Канадзе, павінны будуць звяртацца ў Генеральнае консульства краіны ў Нью-Йорку.
Sputnik
МІНСК, 1 вер – Sputnik. Пасольства Рэспублікі Беларусь у Канадзе спыняе працу з 1 верасня, такая інфармацыя размешчана на сайце дыппрадстаўніцтва.
Аб закрыцці беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва стала вядома ў траўні - адпаведная пастанова Саўміна была апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
З 10 ліпеня консульскі аддзел пасольства спыніў прыём дакументаў для адміністрацыйных працэдур і афармлення віз і не даваў кансультацый па тэлефоне.
Зараз для атрымання кансультацый па консульскіх пытаннях і парадку выканання адміністрацыйных працэдур грамадзяне Беларусі, якія пражываюць у Канадзе, змогуць звяртацца ў Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Нью-Ёрку. Туды таксама пераводзяцца тыя грамадзяне Беларусі, якія складаліся на пастаянным консульскім уліку ў пасольстве ў Канадзе.

Аптымізацыя дыппрадстаўніцтваў

У пачатку красавіка прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў аптымізаваць колькасць беларускіх дыпмісій за мяжой.
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей растлумачыў, што Мінск закрые свае пасольствы ў некалькіх краінах, дзе праца дыппрадстаўніцтваў не прыносіць патрэбнай знешнеэканамічнай аддачы, аднак разгледзіць магчымасць пашырэння дыпламатычнай прысутнасці ў перспектыўных рэгіёнах.
Акрамя Канады, зачыніліся пасольства ў Эквадоры і аддзяленне пасольства ў Хабараўску. Пры гэтым былі адкрыты генконсульствы ў Мумбаі, Хашыміне і Ганконгу. У жніўні стала вядома, што Беларусь адкрые пасольства ў Зімбабвэ.
Нагадаем, што Беларусь і Канада ўстанавілі дыпламатычныя адносіны ў красавіку 1992 года, беларускае пасольства было адкрыта ў 1997 годзе. Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце МЗС Беларусі, канадскія інтарэсы ў нашай краіне прадстаўляе пасольства Канады ў Польшчы.
Чытайце таксама:
Беларусь закрывае сваё пасольства ў Канадзе
Макей назваў асноўнага партнёра Мінска і расказаў, дзе не зачыняць пасольствы
Лукашэнка сустрэўся з беларускімі дыпламатамі
Пасольства Беларусі ў Кіеве запатрабавала ўзмацніць ахову