Беларусь не прыме ўдзел у дзіцячым Еўрабачанні-2021 у Парыжы

Наша краіна ўдзельнічала ў конкурсе з моманту яго з'яўлення ў 2003 годзе і двойчы станавілася першай - у 2005-м і 2007-м.
Sputnik
МІНСК, 2 вер – Sputnik. Беларусь не прыме ўдзел у дзіцячым песенным конкурсе "Еўрабачанне-2021", вынікае з апублікаванага спіска краін-удзельніц на сайце арганізатараў.
У чацвер, 2 верасня, арганізатары - Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) і France Télévisions абвясцілі 19 краін-удзельніц, якія прымуць удзел у конкурсе. Гэта Албанія, Арменія, Азербайджан, Балгарыя, Францыя, Германія, Грузія, Ірландыя, Італія, Казахстан, Мальта, Нідэрланды, Паўночная Македонія, Польшча, Партугалія, Расія, Сербія, Іспанія і Украіна.
Пра тое, што дзіцячае "Еўрабачанне" пройдзе ў Парыжы, стала вядома ў траўні бягучага года.

Чаму Беларусь не ўдзельнічае?

Еўрапейскі вяшчальны саюз яшчэ ў траўні бягучага года прыпыніў членства Белтэлерадыёкампаніі, якая адказвае за арганізацыю беларускай дэлегацыі на "Еўрабачанне".
У сваім прэс-рэлізе EBU растлумачыў, што ўважліва сачыў за свабодай СМІ ў Беларусі і заклікаў БТРК, як члена саюза, адстойваць яго асноўныя каштоўнасці - незалежнасць і падсправаздачнасць. У саюзе тады заявілі, што іх асабліва ўстрывожыла трансляцыя па беларускіх каналах інтэрв'ю, "відавочна атрыманых пад прымусам".
У сакавіку 2021 года EBU не дапусціў Беларусь да конкурсу "Еўрабачанне" з-за тэксту песні "Я навучу цябе" баранавіцкага калектыву "Галасы ЗМеста". Арганізатары адзначылі, што песня "палітызаваная", яе неабходна памяняць. "Галасы" адправілі новую кампазіцыю - "Песенька", аднак саюз канчаткова адхіліў беларускі калектыў ад "Еўрабачання".
Па беларускіх тэлеканалах "Еўрабачанне-2021" не транслявалася, што з'яўляецца парушэннем правіл EBU.

Поспехі Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні"

Наша краіна ўдзельнічае ў конкурсе з моманту яго з'яўлення ў 2003 годзе. Першай Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні" прадставіла Вольга Сацюк з песняй "Танцуй", тады яна заняла 4-е месца.
Трыумф Беларусі ў 2005 годзе прынесла Ксенія Сітнік, якая выканала песню "мы разам".
У 2006-м Андрэй Кунец з кампазіцыяй "Новы дзень" узяў срэбра "Еўрабачання".
А праз яшчэ год Аляксей Жыгалковіч выйграў конкурс, выканаўшы песню "З сябрамі".
Трэцяе месца на конкурсе займалі Лідзія Заблоцкая ("Анёлы дабра", 2011) і Ілля Волкаў ("Спявай са мной", 2013).
Рэкардсмен па перамогах у дзіцячым вакальным конкурсе - Грузія, якая выйгравала тры разы. Па дзве перамогі, акрамя Беларусі, у Расіі, Мальты і Польшчы.
Конкурс 2020 года з-за пандэміі каронавіруса адбыўся ў анлайн-рэжыме. Усе нумары выконваліся ў студыі ў кожнай краіне-удзельніцы, каб засцерагчы дзяцей і суправаджаючыя іх каманды ад каронавіруса.
Беларусь на ім прадстаўляла магіляўчанка Арына Пехцерава з песняй "Прышэльцы", яна па выніках галасавання журы і гледачоў заняла пятае месца.
Чытайце таксама:
Беларусь выйграла "Еўрабачанне" - Эйсмант
Прадстаўнікі Італіі выйгралі "Еўрабачанне 2021"
Арганізатары Еўрабачання не прапусцілі песню ад Беларусі
Дзіцячае "Еўрабачанне": беларуска Арына Пехцерава стала пятай
Стала вядома, хто прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні"