МІНСК, 11 вер - Sputnik. Кансіліум лекараў рэкамендаваў завяршыць кансерватыўнае лячэнне 12-гадовага Рамана Кагадоўскага, які зараз знаходзіцца ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры БСМП, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Хлопец, які ў красавіку падчас пажару выратаваў малодшага брата, ужо пяты месяц ляжыць у шпіталі. Ён у апёкавы цэнтр быў дастаўлены на верталёце і да верасня перанёс 23 аперацыі.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у пятніцу адбыўся чарговы кансіліум спецыялістаў з удзелам міністра Дзмітрыя Піневіча і лепшых лекараў рэспублікі.
"Спецыялісты рэкамендавалі завяршыць кансерватыўнае лячэнне і пачаць правядзенне курсу ранняй рэабілітацыі. У хлопчыка наперадзе тыдзень трэніровак, бо яму зноўку трэба навучыцца сядзець, хадзіць, трымаць у руках прадметы, гаварыць, пісаць", - сказалі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Там таксама нагадалі, што сітуацыю з Ромай трымае на кантролі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, 29 красавіка Рома Кагадоўскі на сваіх руках вынес з агню двухгадовага брата Ваню ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёна і тут жа страціў прытомнасць. Акрамя апёкаў на яго твары і руках былі парэзы ад разбітага шкла. Хлопчыка лячылі лепшыя медыкі краіны розных профіляў. Былі прапановы адправіць яго ў Расію, аднак кіраўнік дзяржавы настаяў на тым, што Рому трэба пакінуць у Беларусі.
Раней паведамлялася, што ўсіх медыкаў, якія прымалі ўдзел у лячэнні хлопчыка, прадставяць да дзяржузнагарод, за мужнасць будзе адзначаны і сам Раман Кагадоўскі.
Чытайце таксама:
Лекар аб стане Ромы, які выратаваў брата на пажары: без ШВЛ пакуль не спраўляемся
Абгарэлыя падлеткі па-ранейшаму ў вельмі цяжкім стане - Міністэрства аховы здароўя
Стан 12-гадовага падлетка, які выратаваў брата з агню, стабілізаваўся