МІНСК, 22 вер - Sputnik. Ацяпляльны сезон стартаваў у Беларусі: Мінгарвыканкам распавёў, калі цяпло з'явіцца ў вашым доме.
З сённяшняга дня ў Мінску ў жыллёвым фондзе пачалі ўключаць ацяпленне. Да 30 верасня батарэі стануць цёплымі ва ўсіх дамах краіны.
Самае папулярнае сёння пытанне: калі ж у маім доме з'явіцца ацяпленне? Даведацца пра графік можна праз мабільнае прыкладанне 115.бел - зарэгістраваныя карыстальнікі атрымаюць push-апавяшчэнне пра ўключэнне ацяплення па выбраным адрасе. Можна патэлефанаваць па нумары 115 і задаць сваё пытанне дыспетчару.
Акрамя таго, Мінгарвыканкам апублікаваў графік уключэння ацяплення ў жылфондзе. Падача цяпла ў сталічныя кватэры павінна завяршыцца 24 верасня. Як раней нагадалі у Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы, падача цяпла будзе ісці паступова, каб не перагружаць сеткі.
Нагадаем, у мінулым годзе ўключаць ацяпленне ў Мінску пачалі 12 кастрычніка. Звычайна гэта робяць, калі на вуліцы на працягу пяці сутак тэмпература паветра складае ніжэй за 8 градусаў цяпла. Рашэнне аб уключэнні ацяплення выносяць абласныя, раённыя і гарадскія выканкамы.
З сённяшняга дня ацяпленне ў кватэрах пачалі ўключаць у Гродзенскай, Віцебскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцях. У Гомельскай вобласці цяпло далі пакуль толькі ў аб'екты сацсферы - школы, бальніцы, музеі, гасцініцы, бібліятэкі.