У Дзяржкаммаёмасці распавялі, як купіць дом за адну базавую

У панядзелак, 27 верасня ў Беларусі ўступіў у сілу ўказ "Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі".
Sputnik
МІНСК, 28 вер – Sputnik. Пра тое, як зменіцца парадак афармлення здзелак з нерухомасцю, распавяла ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання зямельных адносін, землеўпарадкавання і зямельнага кадастру - начальнік аддзела рэгулявання зямельных адносін Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Вікторыя Верына.
Указам забяспечваецца стварэнне ўмоў для ўключэння ў абарот пустых жылых дамоў або тых, што знаходзяцца ў аварыйным стане, а таксама зямельных участкаў, якія яны займаюць.
"Гэта тыя хаты, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, уключаючы райцэнтры, якія былі пабудаваны і эксплуатаваліся да 8 траўня 2003 года. Указ прадугледжвае магчымасць здзяйснення ў спрошчаным парадку здзелак у дачыненні да такіх дамоў. Гэта значыць можна здзейсніць куплю-продаж, мену і дарэнне. У тым ліку шляхам рэгістрацыі такой здзелкі ў мясцовым выканаўчым камітэце", - распавяла Верына.

Якія дамы прызнаюцца пустуючымі?

Па словах спікера, пустуючымі прызнаюцца жылыя дамы, дзе не ажыццяўляюцца прадугледжаныя заканадаўствам мерапрыемствы па ахове зямель, не выконваюцца патрабаванні да ўтрымання тэрыторыі альбо жылы дом знаходзіцца ў аварыйным стане. І мясцовым органам улады дакладна вядома, што на працягу апошніх трох гадоў там ніхто не жыве.
"У выканкамах будуць стварацца камісіі. Яны будуць аб'язджаць адпаведныя тэрыторыі, выяўляць такія дамы. У чым новаўвядзенні указа: раней ён распаўсюджваўся на пустуючыя хаты і старыя, зараз кола пашырана. Ён ахоплівае ўсе дамы: і пустуючыя, у якіх ніхто не пражывае, і разбураныя", - адзначыла Верына.
Далей выканкам звяртаецца ў суд з заявай аб тым, каб прызнаць гэты жылы дом уласнасцю адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
"Пасля прыняцця рашэння суда дом прызнаецца пустуючым і знаходзіцца ў камунальнай уласнасці. Тады выканкам можа знесці яго, перадаць у вядзенне нейкаму ўнітарнаму камунальнаму прадпрыемству альбо прадаць яго - шляхам прамога продажу альбо з аўкцыёну", - патлумачыла спікер.
Як адзначыла ў сваім выступенні Верына, агульны парадак здзелак з нерухомай маёмасцю патрабуе натарыяльнага пасведчання і дзяржаўнай рэгістрацыі. А спрошчаны парадак дазволіць зарэгістраваць такі дагавор у мясцовым выканаўчым камітэце. А ў наступным набытчык зможа ў зручны для сябе час аформіць яго ва ўстаноўленым парадку.

Дом за адну базавую - гэта рэальна?

"Указ прадугледжвае новаўвядзенне, што магчыма правесці адчужэнне нават на электронных таргах. Калі адбываецца адчужэнне шляхам правядзення аўкцыёну, то старое заканадаўства прадугледжвала магчымасць паніжэння пачатковай цаны. Цяпер паніжэнне магчыма аж да адной базавай велічыні - 29 рублёў", - сказала Верына.
Таксама спецыяліст Дзяржкаммаёмасці дадала, што рэалізоўвацца за адну базавую велічыню не будуць дома ў Мінску і ў абласных цэнтрах. У астатніх выпадках мясцовыя органы ўлады самі вызначаюць населеныя пункты, дзе хаты могуць быць рэалізаваны за адну базавую велічыню.
"Па стане на 1 верасня 2021 года ў рэестры пакінутых дамоў каля 7700 будынкаў, у рэестры старых дамоў - каля 2500", - сказала Верына.

Куды звярнуцца, каб купіць дом?

Па словах спікера, з 1 студзеня 2023 года плануецца стварэнне адзінага рэестра пустых дамоў. Цяпер кожны раённы выканаўчы камітэт самастойна вядзе свой рэестр. Таму першапачаткова патэнцыйнаму пакупніку трэба вызначыцца з рэгіёнам, у якім ён хацеў бы набыць нерухомасць.
"Яму варта звярнуцца ў мясцовы выканаўчы камітэт, дзе на інфармацыйных рэсурсах ёсць база такіх дамоў і на якіх умовах яны будуць прадавацца. Наша заканадаўства не забараняе набываць жыллё замежнікам. Замежнікі могуць набываць дома без усялякіх выключэнняў", - сказала спікер.

Калі абвесціцца ўласнік, дом забяруць?

Па словах Верына, указ прадугледжвае ўзнікненне сітуацыі, калі можа з’явіцца ўласнік.
"Ён можа патрабаваць вяртання. Вяртанне магчыма, калі гэты пусты дом застаўся ў камунальнай уласнасці, і ён не быў прададзены. Калі ж дом быў прададзены, то тады ўласнік мае права патрабаваць вяртання выручанай ад продажу сумы. Той, хто купіў домік, не пацерпіць. У яго ўжо ніхто не забярэ", - сказала Верына.
Таксама яна дадала, што калі дом быў знесены, то былы ўласнік праз суд мае права патрабаваць кампенсацыі яму кошту гэтага жылога дома.
Поўную версію прэс-канферэнцыі глядзіце на youtube-канале Sputnik Беларусь.
Чытайце таксама:
За адну базавую: Лукашэнка падпісаў указ аб адчужэнні дамоў у вёсках
Зямлю можна толькі арандаваць: як расіянам купіць нерухомасць у Беларусі
Лукашэнка дазволіў будаваць дамы без ўзгаднення з нагляднымі органамі
Якімі будуць цэны на жыллё ў Беларусі і што чакае гарады-спадарожнікі – міністр
Белстат распавёў, колькі жылля пабудавана ў Беларусі за гэты год