Калючая загарода Еўрасаюза

ЕС прапанаваў зрабіць больш жорсткімі нормы ўезду для чыноўнікаў і дыпламатаў з Беларусі

Такім чынам ЕС рэагуе на міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўрасаюза.
Sputnik
МІНСК, 29 вер - Sputnik. ЕС прапанаваў часткова замарозіць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай у сераду заяве еўракамісара па ўнутраных справах Ілвы Йохансан.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра тое, каб зрабіць больш жорсткімі нормы ўезду для беларускіх афіцыйных асобаў.
"Гэта рашэнне з'яўляецца адказам на спробы беларускага рэжыму дэстабілізаваць ЕС і яго краіны шляхам інструменталізацыі нелегальнай міграцыі", - гаворыцца ў заяве.
"Гэта абмежаванне не закране простых грамадзян, а толькі урадавых чыноўнікаў і ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў Беларусі", - пракаментаваў намеснік кіраўніка Еўракамісіі па прасоўванні еўрапейскага ладу жыцця Маргарыціс Схінас на брыфінгу ў Бруселі.

Крызіс на мяжы

Латвія, Польшча і Літва ў апошнія месяцы заяўляюць аб праблеме нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі. Сітуацыя абвастрылася ў канцы ліпеня.
Раней намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Васік паведамляў, што "штодня 100-250 чалавек спрабуюць перайсці на польскую тэрыторыю". Ён распавёў, што польскія ўлады пачалі будаўніцтва сцяны вышынёй 2,5 метра на ўчастку прыкладна 180 км з 418 км мяжы паміж Польшчай і Беларуссю.
2 верасня Польшча ўвяла рэжым надзвычайнага здарэння на мяжы з Беларуссю, "у сувязі з асаблівай пагрозай бяспекі грамадзян і грамадскага парадку, звязанай з бягучай сітуацыяй на дзяржаўнай мяжы".
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Мінск больш не будзе стрымліваць паток нелегальных мігрантаў у краіны ЕС: з-за санкцый Захаду на гэта няма "ні грошай, ні сіл".

Пазіцыя Беларусі і Расіі

Апроч абвінавачвання Мінска ў наўмысным стварэнні патоку нелегалаў таксама гучалі і абвінавачванні ў адрас Масквы ў арганізацыі крызісу на польска-беларускай мяжы. Аднак ніякіх канкрэтных доказаў еўрапейскі бок не прыводзіць.
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падчас прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў, што Расія не ўмешваецца ў сітуацыю. Па словах расійскага лідэра, Еўрасаюзу неабходна вырашаць гэтае пытанне з афіцыйным Мінскам.
Раней у МЗС РФ заяўлялі, што "антырасійскія памкненні польскіх уладаў у розных сферах ў апошнія гады не ведаюць межаў".
Чытайце таксама:
Вальфовіч распавёў, як можна вырашыць праблему міграцыі ў краіны ЕС
Начальнік Генштаба: міграцыйны крызіс ініцыявалі заходнія краіны
Макей і Чавушаглу абмеркавалі супрацьдзеянне нелегальнай міграцыі