Вялізныя запасы на складах: прэзідэнт здзівіўся перабоям з пастаўкамі цукру

У канцы верасня беларусы па ўсёй краіне пачалі скардзіцца на тое, што з паліц у крамах пачаў знікаць цукар.
Sputnik
МІНСК, 5 кас - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцярог урад ад перабояў з пастаўкамі цукру, пра гэта ён заявіў у аўторак на нарадзе, прысвечанай сельскай гаспадарцы.
Кіраўнік дзяржавы ўспомніў паведамленні аб вераснёўскіх перабоях з цукрам і здзівіўся, чаму яго своечасова не завозілі на гандлёвыя аб'екты.
"З чаго б раптам? Запасы на складах велізарныя, і перапрацоўку пачалі. І раптам нешта там абвалілася. Глядзіце, мужыкі, яшчэ раз абваліцца - гэты абвал будзе ад гандлёвых сетак да ўрада", - сказаў прэзідэнт.
Нагадаем, у канцы верасня беларусы сутыкнуліся з недахопам цукру, прычым змяталі рэшткі адразу ўпакоўкамі. Хадзілі і чуткі пра тое, што цэны на цукар значна вырастуць.
Аднак пазней кіраўнік канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Анатоль Бубен супакоіў жыхароў краіны. Ён адзначыў, што складскія запасы цукру ў краіне складаюць 21,1 тысячы тон. Яшчэ 33,3 тысячы выраблена з новага ўраджаю. У планах - выпуск 580 тысяч тон цукру, а гадавая патрэба краіны ў гэты прадукт - 360 тысяч тон. Бубен адзначыў таксама, што цэны на цукар павышаць не будуць.
У цяперашні час перапрацоўкай цукровых буракоў новага ўраджаю займаюцца чатыры камбінаты: у Скідзелі, Слуцку, Гарадзеі і Жабінцы.
Чытайце таксама:
Ці чакаць беларусам дэфіцыт цукру і грэчкі?
У Беларусі не будуць павышаць цэны на цукар
Скупляюць упакоўкамі: ці ёсць цукар у крамах Віцебска