МІНСК, 31 кас ― Sputnik. Доступ да сайта агенцтва "Рэгнум" абмежаваны ў Беларусі па рашэнні Міністэрства інфармацыі. Паведамленне адпаведнага зместу з'яўляецца пры спробе ўваходу на сайт праз правайдэраў А1 і "Белтэлекам".
"Доступ да рэсурсу абмежаваны для выканання рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага на падставе закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі", - паведамляецца пры спробе ўваходу.
Аператар МТС таксама не дазваляе атрымаць доступ да сайта.
Гендырэктар расійскага інфармацыйнага агенцтва "Рэгнум" Юлія Крыжанская пацвердзіла РІА Навіны інфармацыю аб блакіроўцы сайта інфармагенцтва ў Беларусі.
"Гэта сапраўды так," - сказала Крыжанская. Паводле яе слоў, што рабіць далей, "будуць думаць".
Раней у Беларусі рашэннем Мінінфарма быў абмежаваны доступ да шэрагу медыярэсурсаў. 28 кастрычніка было прынята рашэнне аб абмежаванні доступу да сайтаў Deutsche Welle, "Настоящее время" і "Новый час".
Як растлумачылі ў ведамстве, падставай для такога рашэння стала распаўсюджванне на гэтых сайтах гіперспасылак на матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе адпаведных рашэнняў суда.