Інтэрнет-рэсурсы "Белсат" прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем – МУС

Падпісчыкам забароненых Telegram-каналаў у Беларусі будзе пагражаць крымінальная адказнасць у тым выпадку, калі канал будзе прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем.
Sputnik
МІНСК, 3 ліс – Sputnik. Інтэрнет-рэсурсы польскага тэлеканала "Белсат" прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем, паведамілі ў прэс-службе МУС Беларусі.
"Рашэннем міністэрства ўнутраных спраў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем і забаронена дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь групы грамадзян, аб'яднаных з дапамогай інтэрнет-рэсурсаў "Белсат", - растлумачылі ў ведамстве.
Пералік"экстрэмістаў" МУС абнаўляе рэгулярна, зараз у ім 11 каналаў. Раней інфармацыйныя рэсурсы польскага тэлеканала прызналі ў Беларусі экстрэмісцкімі матэрыяламі, за рэпосты падпісчыкам "паабяцалі" адміністрацыйную адказнасць. Таксама раней беларускі СК завёў крымінальную справу на службовых асоб "Белсата" за ўхіленне ад выплаты падаткаў.
"Белсат" - гэта спадарожнікавы польскі тэлеканал, які вяшчае пераважна на беларускай мове. У Беларусі ён не мае акрэдытацыі. Дадзенае медыя таксама мае інтэрнэт-сайт і сацыяльныя сеткі.

Чым пагражае падпіска на экстрэмістаў?

Пра тое, што падпіска на экстрэмісцкія Telegram-каналы з'яўляецца крымінальна каральнай у Беларусі, раней заяўляла Sputnik кіраўнік рэспубліканскай камісіі па барацьбе з экстрэмізмам і рэабілітацыяй нацызму, экс-міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
Паводле інфармацыі ГУБАЗіК, "падпіска на названыя рэсурсы з'яўляецца падставай для правядзення следчых дзеянняў, у тым ліку ператрусу, і дачы прававой ацэнкі кожнаму падпісчыку". У прыватнасці, паведамлялася, што падпісчыкі гэтых каналаў будуць прыцягвацца да адказнасці па артыкуле 361-1 КК, як удзельнікі экстрэмісцкага фарміравання. Санкцыі яе прадугледжваюць да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле звестак МУС, за апошнія пару тыдняў больш за 200 тысяч падпісчыкаў інтэрнет-рэсурсаў, прадукцыя якіх прызнана судамі ў Беларусі экстрэмісцкай, пакінулі гэтыя супольнасці.
"Найбольш буйныя дэструктыўныя рэсурсы страцілі каля 200 тысяч падпісчыкаў", - адзначылі ў МУС.
Таксама ў бліжэйшы час на сайце міліцэйскага ведамства з'явіцца асобны спіс па фізічных асобах, прызнаных судом экстрэмістамі.
Чытайце таксама:
МУС: "NEXTA, "NEXTA-Live" і "LUXTA" прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем
МУС пашырыла спісак экстрэмісцкіх фарміраванняў у краіне
Рэсурсы "Белсата" прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкімі