МІНСК, 22 ліс – Sputnik. Канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг усумніўся, што прамы дыялог з Беларуссю можа да нечага прывесці, але лічыць неабходным узаемадзеянне, адзначыў ён на прэс-канферэнцыі.
Паводле яго слоў, калі паглядзець на публічныя заявы прэзідэнта Беларусі, то ёсць сумненні, што прамы дыялог дасць вынік.
"Але інстынктыўна скажу - так, у канчатковым выніку нам трэба ўзаемадзейнічаць", - сказаў Шаленберг.
Таксама ён падкрэсліў, што санкцыі не могуць з'яўляцца адзінай мовай зносін, неабходны дыялог з грамадзянскай супольнасцю ў рэспубліцы.
Акрамя таго, Шаленберг дадаў, што ЕС не павінен паддавацца "шантажу" Лукашэнкі, замест гэтага неабходна сумесна рэагаваць на гібрыдную атаку на Еўрасаюз на беларуска-польскай мяжы.
"Вельмі напружаная абстаноўка, якую мы назіраем на мяжы Беларусі і Польшчы, і цынічнае выкарыстанне мігрантаў у якасці зброі супраць Еўрасаюза, якое працягваецца, паказвае, што сітуацыя цяпер пагаршаецца. З майго пункту гледжання, зразумела адно: ЕС не павінен паддавацца шантажу Лукашэнкі, мы павінны рэагаваць адзіным фронтам і ясна на гэтую спансіраваную дзяржавай гібрыдную атаку на Еўрасаюз", – заявіў Шаленберг на прэс-канферэнцыі.
Канферэнцыя ў Аўстрыі
Міжнародная канферэнцыя па Беларусі праходзіць у анлайн-рэжыме з-за ўведзенага ў Аўстрыі лакдаўна, Мінск у ёй не ўдзельнічае.
Удзел у ёй бяруць канцлер і кіраўнік міністэрства замежных спраў гэтай краіны, а таксама кіраўнікі МЗС Германіі, Фінляндыі, Славакіі, Славеніі, Эстоніі і Літвы.
"Канферэнцыя павінна ўнесці канструктыўны ўклад, паслаць важны палітычны сігнал і вызначыць магчымыя падыходы для вырашэння сітуацыі. Статус-кво ў Беларусі, палітычная канфрантацыя проста недапушчальныя", - паведамлялі ў аўстрыйскім МЗС.
Стыхійны лагер на мяжы
Вялікая група мігрантаў сабралася ля беларуска-польскай мяжы 8 лістапада. Яны разбілі лагер, у якім правялі тыдзень, а ў панядзелак, 15 лістапада, перамясціліся да пункта пропуску "Брузгі". У аўторак, 16 лістапада, абстаноўка абвастрылася.
Некаторыя мігранты распачалі спробу прарвацца на тэрыторыю сумежнай краіны. Для гэтага яны паспрабавалі дэмантаваць загароды.
Каб адціснуць бежанцаў, польскі бок прымяніў слёзатачывы газ, светлашумавыя гранаты і вадамёты. У адказ у іх паляцелі камяні, плітка і палкі. Бліжэй да вечара сітуацыя стабілізавалася, мігрантам не ўдалося прарваць ачапленне.
У выніку ўсе мігранты пазней размясціліся ў лагістычным цэнтры "Брузгі", дзе беларускія ўлады арганізавалі для бежанцаў начлег.
Чытайце таксама:
Польшча, Чэхія, Славакія і Венгрыя абмяркуюць "беларускіх" мігрантаў
Лукашэнка: Беларусь будзе патрабаваць ад Германіі забраць бежанцаў
Францыя спадзяецца, што Пуцін умяшаецца ў сытуацыю на мяжы Беларусі і Польшчы