МІНСК, 2 сне - Sputnik. Беларусь гатова злучыць ЕС і Новы шаўковы шлях, каб тавары з еўразійскай прасторы рухаліся ў Еўропу, заявіў на ІІ Еўразійскім кангрэсе ў Мінску віцэ-прэм'ер рэспублікі Ігар Петрышэнка.
"Мы гатовы ў той каркас, пра які казаў старшыня ўрада РФ (Міхаіл Мішусцін – Sputnik), арганічна ўмантаваць 58 нашых гандлёва-лагістычных цэнтраў, з іх 18 – мультымадальных. Мы павінны паслужыць тут і транзітнай, і транспартнай платформай, каб тавары з еўразійскай прасторы рухаліся ў Еўропу", - адзначыў ён.
Намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў, што ў прамысловай кааперацыі Беларусі і Расіі працуе каля 8 тысяч прадпрыемстваў. Сумесная вытворчасць трактароў арганізавана ў Чарапаўцы і Елабузе.
"Мы збіраем снегаўборачную тэхніку, камбайны збожжа- і кормаўборачныя ў Бранскай вобласці. Таксама каля 12 праектаў, якія мы развіваем з Казахстанам у рамках кааперацыйнага супрацоўніцтва", - сказаў Петрышэнка.
Паводле яго слоў, не трэба спрабаваць канкурыраваць унутры ЕАЭС, ствараючы дублюючыя вытворчасці ў розных краінах. Краіны саюза павінны праводзіць паміж сабой узгодненую прамысловую палітыку, ствараць сумесны прадукт і выходзіць на рынкі трэціх краін, лічыць віцэ-прэм'ер.
"І пры фінансавай падтрымцы нашага сумеснага экспарту дзякуючы Еўразійскаму банку развіцця займаць нішы на рынку трэціх краін", - сказаў на заканчэнне ён.