МІНСК, 10 сне - Sputnik. Страты ад заходніх санкцый Беларусь збіраецца кампенсаваць нарошчваннем прысутнасці на рынку Азіі, Афрыкі і Расіі, заявіў прэм'ер-міністр рэспублікі Раман Галоўчанка на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі ў Авальнай зале, дзе абмяркоўваецца пакет бюджэтных законапраектаў.
"Страты на заходнім напрамку ад санкцый мы ацанілі, кампенсуем іх за кошт нарошчвання прысутнасці на рынках Расіі, краін Азіі і Афрыкі", - сказаў прэм'ер.
Паводле яго слоў, стратэгічныя партнёры для нашай рэспублікі - Расія і Кітай, на гэтых рынках плануецца прырост экспарту ў раёне 6 працэнтаў (сярэднія значэнні).
Акрамя таго, таксама будуць прапрацоўвацца іншыя напрамкі, дадаў Галоўчанка.
Ён адзначыў, што ў бягучым годзе за 10 месяцаў рост унутранага валавога прадукту склаў 102,4 працэнта, у той час як прагноз на 2021-ы быў 101,8 працэнта.
"Пры гэтым важна, што рост забяспечаны пераважна за кошт экспарту", - падкрэсліў кіраўнік урада.
Перавярнулі сітуацыю
Акрамя таго, прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што па аперацыях за студзень - лістапад чысты продаж валюты суб'ектамі гаспадарання склаў 762 мільёны долараў ЗША. Пры гэтым насельніцтва Беларусі выступіла чыстым прадаўцом 21 мільёна долараў ЗША.
Ён успомніў сітуацыю 2020-га года, калі жыхары рэспублікі забіралі грашовыя ўклады з дэпазітаў, скуплялі валюту. "Дык вось, сітуацыя гэта фактычна перавернута", - падкрэсліў Галоўчанка.
Узмацніць падтрымку экспарту
Па словах кіраўніка Саўміна, Беларусь у 2022 годзе плануе ўзмацніць бюджэтную падтрымку экспарту.
"Праект бюджэту сфарміраваны пры больш асцярожных ацэнках эканамічнага росту, якія ўлічваюць максімальны ўплыў усіх магчымых рызык. Зыходзім з больш стрыманых ацэнак нашых магчымасцей. Тэмп росту ВУП у гэтым сцэнарыі - 100,7%", - адзначыў ён.
Такім чынам не давядзецца прымаць экстраныя меры па дадатковай кансалідацыі бюджэту ўжо ў працэсе яго выканання, а загадзя можна запланаваць расходы бюджэтаў усіх узроўняў.
У планах ва ўрада - павялічыць выдаткі на адукацыю, ахову здароўя, зарплату, пералічэнні ў ФСАН.
"Плануецца ўзмацніць бюджэтную падтрымку экспарту (прыкладна на 21%) і фінансаванне закупкі тэхнікі ў айчынных вытворцаў (амаль на 30%). Гэта адпавядае канцэпцыі праекта прагнозу аб росце эканомікі пераважна за кошт экспарту", - сказаў прэм'ер.
Чытайце таксама:
Азербайджан можа павялічыць пастаўкі прадуктаў харчавання ў Беларусь
Беларусь мае намер развіваць прамкааперацыю з Расіяй і партнёрамі па ЕАЭС
Галоўчанка: разам з Расіяй мы ў стане вытрымаць любы ціск