МІНСК, 14 сне – Sputnik. Падмуркам для падрыхтоўкі Саюзных праграм сталі працы і навуковыя даследаванні вучоных Беларусі і Расіі. Аб гэтым заявілі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
Навуковыя чытанні
Беларускія вучоныя расказалі аб асноўных выніках Міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі "Мінскія навуковыя чытанні – 2021". Удзел у форуме прынялі нацыянальныя акадэміі навук Беларусі і Расіі, вядучыя ВНУ дзвюх краін.
Як было адзначана, падчас чытанняў прадстаўлена больш за дзвесце дакладаў. Абмяркоўваліся новыя навукова-тэхнічныя праграмы ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Асноўныя тэмы: зялёная энергетыка, лічбавая эканоміка і кібербяспека, змены клімату, выкарыстанне новых тэхналогій атрымання і захоўвання энергіі, забеспячэнне бяспекі на транспарце.
Як адзначыў рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта прафесар Ігар Войтаў, усе гэтыя напрамкі дадуць добрую аддачу і будуць садзейнічаць павышэнню ўзроўню жыцця расіян і беларусаў.
Ігар Войтаў нагадаў, што ў падпісаных нядаўна Саюзных праграмах вялікі блок прысвечаны макраэканамічнай палітыцы.
© Sputnik / Виктор Толочко
"Вельмі важна, што ёсць збліжэнне вучоных дзвюх краін, спецыялістаў, выкладчыкаў, якія пераймаюць вопыт, нешта ўкараняюць у адукацыйны працэс", - адзначыў Ігар Войтаў.
На яго думку, зусім невыпадкова ў падпісаных нядаўна Саюзных праграмах вялікі блок прысвечаны макраэканамічнай палітыцы, каардынацыі ўсіх кантрольных лічбаў развіцця. Гэта абумоўлена тым, што Беларусь і Расія вельмі моцна і даўно звязаны.
Без права на памылку
Першы прарэктар БДТУ акадэмік НАН Беларусі і Расійскай акадэміі навук Аляксандр Цыганоў падкрэсліў, што супрацоўніцтву з расійскімі вучонымі ў Беларусі надаецца першараднае значэнне. Гэтае супрацоўніцтва шматузроўневае.
Падпісаныя праграмы Саюзнай дзяржавы ён назваў "шапкай айсберга", бо перад іх падпісаннем праходзіць вялікая работа міністэрстваў, органаў дзяржкіравання. Падмуркам жа з'яўляецца дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук і Расійскай акадэміі навук. У гэтыя праграмы ўпісваюцца таксама распрацоўкі ўніверсітэцкай навукі.
Адна з праблем, як адзначыў Цыганоў, - існуючыя адрозненні ўнутрыдзяржаўных працэдур узгаднення дакументаў, але кампраміс заўсёды знаходзіцца.
"У рамках выканання Саюзных праграм неабходна большае прыцягненне прыватнага капіталу. На жаль, мы ідзём рознымі крокамі. Расія хутчэй крыху", - лічыць Цыганоў.
Яшчэ адна праблема, як адзначыў першы прарэктар БДТУ, - недахоп фондаў, якія маглі б забяспечваць прарыўныя напрамкі.
"У навуцы трэба ў пэўнай меры рызыкаваць, спрабаваць розныя напрамкі. Нешта будзе атрымлівацца, нешта не, але, на жаль, права на памылку пры выкананні праграм практычна адсутнічае", - сказаў Цыганоў.
Як адзначыў дырэктар міжнароднага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра трансферу тэхналогій прафесар БДТУ Алег Дармешкін, цяпер найважнейшая задача - эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя, тэхнагенныя рэсурсы. У аснове ляжаць інавацыйныя тэхналогіі.
Дырэктар Міжнароднага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра трансферу тэхналогій, прафесар БДТУ Алег Дармешкін
© Sputnik / Виктор Толочко
У рамках аб'яднання намаганняў вучоных Беларусі і Расіі важна таксама абараніць інтэлектуальную ўласнасць, адзначыў Дармешкін.
Тэхналогіі ці чалавек?
Сустаршыня Асацыяцыі знешнепалітычных даследаванняў імя Грамыкі, генеральны дырэктар Міжнароднай асацыяцыі новага бізнесу "Reimei" (Японія), член-карэспандэнт НАН Беларусі Сяргей Рахманаў адзначыў, што канферэнцыя важна і тым, што закранула канцэптуальныя тэмы, якія маюць стратэгічнае значэнне для Беларусі і Расіі.
На думку Сяргея Рахманава, не трэба парушаць гармонію паміж чалавекам і тэхналогіямі
© Sputnik / Виктор Толочко
"Важна разглядаць не толькі станоўчыя бакі тэхналогій... Трэба абапірацца на гуманістычныя складальнікі, бачыць перш за ўсё чалавека і разумець: калі мы парушаем гармонію паміж чалавекам разумным і чыстымі тэхналогіямі, то рухаемся не ў тым напрамку", - падкрэсліў Рахманаў.
На канферэнцыі была разгледжана тэматыка каштоўнасцей, у тым ліку цывілізацыйных, якія перафарматуюцца зараз пад уплывам заходняй цывілізацыі, што недапушчальна з нашага пункту гледжання, расказаў Сяргей Рахманаў.
На яго думку, каштоўнасць канферэнцыі ў тым, што ў Мінску сустрэліся тыя, хто прасоўвае сучасныя тэхналогіі, і тыя, хто прагназуе наступствы, якія для грамадства могуць быць негатыўнымі.
Як падкрэсліў прафесар Войтаў, "Мінскія навуковыя чытанні" займаюць дастойнае месца сярод знакавых міжнародных канферэнцый. Да форуму пастаянна падключаюцца вучоныя і спецыялісты з шэрага замежных краін.
Чытайце таксама:
Саюзныя праграмы могуць рэалізаваць хутка: эксперт аб выніках Дзяржсавета
Палёт беларускага касманаўта на МКС магчымы не раней за 2024 год
У Саюзнай дзяржаве можа з'явіцца медыяхолдынг
Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт, які зацвярджае саюзныя праграмы
Лукашэнка: Саюзная дзяржава для Беларусі - прыярытэт з прыярытэтаў