МІНСК, 14 сне – Sputnik. Праект закона "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022 год" прыняты ў двух чытаннях на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Беларусі сёмага склікання.
У дакуменце вызначаны крыніцы фарміравання даходаў бюджэту фонду. Як адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Юлія Мурына, галоўнай крыніцай даходаў традыцыйна з'яўляюцца страхавыя ўзносы. Паводле яе слоў, яны займаюць каля 90% у даходнай частцы бюджэту.
"Даходы бюджэту фонду сфарміраваны ў памеры 21,4 млрд беларускіх рублёў (каля 8,5 млрд долараў - Sputnik). Тэмп росту ў адносінах да чаканага выканання бягучага года - 109,5%", - распавяла Мурына.
Колькі грошай паступіць у ФСАН у 2022 годзе?
Плануецца, што ў наступным годзе сума страхавых узносаў у ФСАН будзе на 9,6% большая ў параўнанні з чаканым выкананнем гэтага года. Чакаецца, што яна складзе 19,4 мільярда беларускіх рублёў.
Астатняя частка даходаў бюджэту фонду - непадатковая - запланавана на ўзроўні 322,6 млн беларускіх рублёў.
З рэспубліканскага бюджэту ў бюджэт ФСАН паступіць 1,7 млрд беларускіх рублёў (на 7,9% больш, чым у 2021 годзе).
Куды накіруюць грошы з бюджэту фонду?
Расходы бюджэту ФСАН разлічаны ў суме 21,1 млрд беларускіх рублёў, адзначыла Мурына. Паводле яе слоў, тэмп росту ў параўнанні з 2021 годам - 109,6%.
Асноўная частка расходаў, традыцыйна, - пенсіі. На іх фінансаванне пойдзе 76,4% бюджэту - гэта каля 16,1 млрд беларускіх рублёў (на 1,5 млрд больш, чым у 2021 годзе).
Сярэдняя пенсія ў 2022 годзе
"У праекце бюджэту фонду прадугледжаны штоквартальны пераразлік працоўных пенсій, якія вылічаюцца ў мінімальным памеры, сацыяльных пенсій, павышэнняў і надбавак да пенсій, які праводзіцца ў сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва", - падкрэсліла Мурына.
Акрамя таго, не радзей, чым раз у год, прадугледжана павышэнне працоўных пенсій.
"Плануецца, што ў 2022 годзе з улікам павышэння працоўных пенсій сярэднямесячны памер пенсіі па ўзросце непрацуючага пенсіянера складзе 581,2 беларускіх рублёў (каля 230 долараў - Sputnik)", - рэзюміравала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў.
Па матэрыялах БелТА
Таксама на Sputnik:
Банкі, у якіх можна атрымліваць пенсію, назвалі ў Мінпрацы
Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту за 9 месяцаў склаў 1,1 млрд рублёў
Урад дадасць грошай бюджэтнікам
Назапашвальная пенсія: выгада і рызыкі - відэа
Калі ў Беларусі запусцяць добраахвотнае пенсійнае страхаванне?