Праваслаўныя вернікі адзначаюць памяць свяціцеля Мікалая Цудатворца

Угоднік Мікалай выпусціць сёння на Палессе ваўкоў.
Sputnik
МІНСК, 19 сне – Sputnik. Праваслаўны свет святкуе 19 снежня памяць аднаго з самых шанаваных хрысціянскіх святых – свяціцеля Мікалая Цудатворца.
Мошчы свяціцеля Мікалая, перанесеныя з Мір Лікійскіх у італьянскі горад Бары, і цяпер выдзяляюць міра, прыносячы ацаленне і праганяючы ўсякае зло. Памяць свяціцеля святкуецца праваслаўнай царквой 19 снежня і 22 траўня.
"Ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі 19 снежня вернікі будуць маліцца Мікалаю-цудатворцу", – паведамілі Sputnik у пятніцу ў Мінскім епархіяльным упраўленні Беларускай праваслаўнай царквы.
"Свяціцель Мікалай з'яўляецца адным з самых шанаваных і любімых святых у праваслаўі", – адзначылі ў БПЦ.
Мікалай Цудатворац вядомы многімі цудамі. Згодна з народнымі вераваннямі практычна няма такіх сфер жыцця, якія былі б непадуладныя літасцівай дапамозе святога Мікалая. Ён пазбаўляе ад смуткаў і пошасцей, падае багацце сіротам і ўдовам, апякуецца над дзецьмі, ладзіць шлюбы і сямейнае шчасце, падкрэслілі ў епархіяльным упраўленні.
У сваю чаргу культуролагі адзначаюць, што свяціцель Мікалай заўсёды займаў асаблівае месца ў фальклоры беларусаў. Напрыклад, на Палессі святога Мікалая лічылі апекуном ваўкоў. Палешукі верылі, што менавіта ў гэты дзень ён адпускае ваўкоў на волю да 22 траўня, калі ў народзе адзначаецца Мікалай Вясновы. Па народных вераваннях менавіта святы Мікалай сустракае каля парога вечнасці душы памерлых, таму ў беларусаў ёсць традыцыя ўкладваць памерлым у рукі "лісты святому Мікалаю", расказалі культуролагі.
Акрамя гэтага, паводле іх слоў, свяціцель Мікалай з'яўляецца апекуном падарожнікаў.
"Хоць у народзе свяціцеля Мікалая лічылі добрым святым і ўгоднікам, але менавіта ён караў жанчын, якія парушалі забароны працаваць у нядзелю, і мужчын-брыдкасловаў і аматараў азартных гульняў", – распавялі культуролагі.
У праваслаўных вернікаў - Калядны пост