МІНСК, 21 сне – Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці ўручыў касманаўту Алегу Навіцкаму ордэн Дружбы народаў, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Раней стала вядома, што беларускі лідар падпісаў указ, паводле якога расійскі касманаўт беларускага паходжання быў удастоены высокай узнагароды. Гэты ордэн ён атрымаў за дасягненні ў вывучэнні космасу і асабісты ўклад ва ўмацаванне міжнародных сувязей.
Перавыхаваюць хутка
"Алег, нарэшце ты на "грэшную" зямлю спусціўся!" - такімі словамі сустрэў касманаўта Аляксандр Лукашэнка.
"Не на грэшную, на лепшую!" - хутка адказаў Алег Навіцкі.
"Табе лепш відаць звысоку", - парыраваў кіраўнік дзяржавы.
"Гэта проста шчасце – быць дома", - запэўніў у сваю чаргу герой Расіі.
Пасля чаго беларускі лідар задаў пытанне Навіцкаму, чаму ён прыехаў у Мінск без сваіх калег з Міжнароднай касмічнай станцыі.
"Я намякаў на тое, каб не толькі сваіх родных, блізкіх, але, калі табе гэтыя амерыканцы патрэбны будуць – калі ласка, мы гатовы. Калі трэба будзе, прыходзь і з імі, мы іх перавыхаваем хутка", - запэўніў ён касманаўта.
На думку Лукашэнкі, у Навіцкага ўнутраны і знешні складнікі славянскія і, магчыма, у ім ёсць і беларускае, і рускае, напэўна, і ўкраінскае.
"Тое, што ён робіць для сваёй радзімы, ён робіць правільна. Усё ж такі рана ці позна ты прыйдзеш на гэту зямлю, таму не трэба страчваць свае карані. Ён – сапраўдны чалавек, які з'ядноўвае народы", - лічыць кіраўнік дзяржавы.
Падрыхтоўка касманаўтаў
Кіраўнік дзяржавы расказаў герою Расіі, што ў Беларусі рыхтуюць некалькі чалавек для палёту ў космас. Пасля чаго Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Навіцкі прыме ўдзел у адборы і падрыхтоўцы да палёту будучых касманаўтаў.
Раней 4 лістапада падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Уладзімір Пуцін заявіў, што падтрымлівае прапанову ўключыць у склад Міжнароднай касмічнай станцыі беларускага касманаўта.
Расійскі лідар адзначыў, што гэта пытанне ўжо абмяркоўвалася з кіраўніком "Роскосмоса" Дзмітрыем Рагозіным. "Трэба толькі ўзгадніць дэталі. Яны ёсць, і яны нескладаныя для таго, каб быць узгодненымі", - адзначыў на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Уладзімір Пуцін.
Навіцкі і ордэн
Як раней паведамлялася, ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі пачаў касмічную падрыхтоўку ў 2007 годзе. Да таго, як яго залічылі ў касмічны атрад, на розных відах самалётаў ён налятаў амаль 700 гадзін.
Паляцеў на арбіту Навіцкі на караблі "Саюз ТМА-06М" у складзе экіпажа МКС-33/34. Акрамя яго ў кастрычніку 2012 года ў космас паляцелі Яўген Тарэлкін і Кевін Форд. Яны наляталі больш за 140 сутак. Экіпаж шчасна вярнуўся на Зямлю 16 сакавіка 2013 года.
Ордэн Дружбы народаў – адна з галоўных дзяржаўных узнагарод у Беларусі. Ён быў заснаваны ў 2002 годзе. Прысуджаецца за ўмацаванне міру, дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, за высокія дасягненні ў гуманітарнай і дабрачыннай дзейнасці. Першае ўзнагароджанне адбылося 5 лiпеня 2002 года. На 1 студзеня 2021 года колькасць узнагароджаных – 57 чалавек.
Чытайце таксама:
"Міс Беларусь 2021" Ганчарэвіч згодна паляцець у космас
Касмічны юбілей: беларус Алег Навіцкі адзначыў на арбіце 50-годдзе
Хто з беларусак можа паляцець у космас?
Перэсільд на арбіце: актрыса дапамагала ў стыкоўцы карабля да МКС
Квіток у космас: палёт на "Саюзе" абыдзецца ў 50 млн долараў