Калі і колькі заплаціць падаткаў на нерухомасць, распавялі ў МПЗ

У пачатку гэтага года ў Беларусі прыняты новы Падатковы кодэкс, які істотна змяняе сістэму падаткаабкладання ў краіне. У прыватнасці, зараз усе будуць плаціць падатак на кватэру.
Sputnik
МІНСК, 5 сту – Sputnik. У падаткаабкладанні аб'ектаў нерухомасці і зямельных участкаў з'явіліся змены. Міністэрства па падатках і зборах патлумачыла, калі і колькі плаціць беларусам.

Як налічваюць падатак на нерухомасць і зямельныя ўчасткі

У МПЗ распавялі, што з 2022 года гэты від падаткаў будзе налічвацца за мінулы каляндарны год (да гэтага было – за бягучы год). Раней, калі на працягу года адбываліся нейкія змены ў валоданні такой уласнасцю або змяняліся характарыстыкі аб'екта, паведамленні на выплату падатку да 1 верасня не змяшчалі звестак аб такіх змяненнях.
Цяпер па новай сістэме налічэння ўсе падобныя здзелкі і змены на працягу года будуць улічаны – падаткі будуць налічвацца за мінулы каляндарны год.
У 2022 годзе падатак трэба будзе плаціць па наступнай схеме:
не пазней за 15 лістапада 2022 г. – выплата авансавага плацяжу ў памеры 50% ад налічанай за 2022 год сумы маёмасных падаткаў;
не пазней за 15 лістапада 2023 г. – выплата астатняй часткі маёмасных падаткаў за 2022 год.
"Выплата маёмасных падаткаў за 2023 і наступныя гады будзе ажыццяўляцца не пазней за 15 лістапада 2024 года і наступных каляндарных гадоў", - растлумачылі ў МПЗ.
Акрамя таго, раней падатак лічылі рознымі спосабамі – у залежнасці ад таго, у якім годзе аб'ект нерухомасці ўлічваўся падатковымі органамі для мэт вылічэння маёмасных падаткаў. Гэта прывяло да таго, што практычна аднолькавыя дамы ў адных і тых жа (або падобных) населеных пунктах былі ацэнены па-рознаму, а значыць, сумы падатку былі розныя.
У новым Падатковым кодэксе падыход мяняецца: цяпер сума падатку "прывязана" да кошту квадратнага метра.

"З мэтай выраўноўвання для ўсіх фізічных асоб умоў, звязаных з вылічэннем падатку на нерухомасць, з 2022 года Падатковым кодэксам прадугледжаны адзіны спосаб вызначэння кошту нерухомасці, які базіруецца на разліковым кошце 1 кв м тыпавога капітальнага будынка (збудавання)", - дадаюць у МПЗ.

Падатак – усім

З гэтага года кожны ўласнік кватэры зараз будзе плаціць яшчэ адзін падатак – падатак на нерухомасць. Дакладней кажучы, новым Кодэксам "адмяняецца льгота па падатку" для уласнікаў кватэр. Раней такія плацяжы выстаўляліся толькі ўладальнікам індывідуальнага жылля – уласных дамоў. Галоўная мэта такой навіны – ураўнаваць у падатках усіх.
"Улічваючы, што да гэтага часу меў месца няроўны падыход у частцы падаткаабкладання нерухомай маёмасці, размешчанай у горадзе (кватэры) і сельскіх населеных пунктах (жылыя дамы), прынята рашэнне з 2022 года ўстанавіць для ўсіх грамадзян аднолькавы падыход у частцы падаткаабкладання кватэр і жылых дамоў", - кажуць у МПЗ.
З гэтага года і дамы, і кватэры будуць абкладацца падаткамі аднолькава.

Хто вызваляецца ад падатку на нерухомасць

Ад такіх выплат вызваляюцца пенсіянеры, дзеці да 18 гадоў, шматдзетныя, інваліды I і II групы і іншыя ўразлівыя катэгорыі насельніцтва (нават калі ў такой нерухомасці зарэгістраваны працаздольныя грамадзяне).
А калі ў такой катэгорыі грамадзян ва ўласнасці дзве і больш кватэры (домы), то падатак выставяць толькі на тую нерухомасць, кошт якой будзе меншы.

Якім будзе падатак на кватэру

У МПЗ нагадалі, што стаўка для ўсіх аб'ектаў нерухомасці складае 0,1%. Павышаючыя каэфіцыенты да стаўкі падатку на нерухомасць да 2-х разоў ад мясцовых Саветаў дэпутатаў у гэтым годзе не прымяняюцца – з мэтай "мінімізацыі падатковай нагрузкі".
Расказваем падрабязна, як палічыць свой падатак. Сума такога падатку будзе рознай: гэта залежыць ад плошчы жылля і горада, дзе знаходзіцца нерухомасць.
Разлік падатку на кватэру
Цяпер усё "прывязана" да квадратнага метра. Кошт аднаго "квадрата" прапісана ў Новым падатковым кодэксе.
Так, у шматкватэрным і блакіраваным доме ў Мінску гэтая сума – 810 беларускіх рублёў.
Формула разліку простая: бяром гэты кошт квадрата (810 рублёў для мінчан), памнажаем на метраж кватэры (дапусцім, 60 "квадратаў"), атрыманую суму яшчэ раз памнажаем на 0,1%.
Атрымліваем 48 рублёў 60 капеек – гэта і ёсць сума падатку на кватэру, якую давядзецца аплачваць штогод, пачынаючы з 2022 года.
У рэгіёнах яшчэ танней. Узяць, да прыкладу, Слуцк, дзе кошт аднаго "квадрата" кватэры ў шматпавярхоўцы складае 600 рублёў. Сума падатку па немудрагелістай формуле Мінфіна атрымліваецца такой – 36 рублёў.
У абласных цэнтрах і Мінскім раёне сярэдні кошт квадратнага метра вагаецца ў раёне 680-700 рублёў. Адпаведна, і падатак будзе большы – каля 40 рублёў.
"Сярэдні памер падатку на нерухомасць за адну кватэру ў Мінску складзе каля 50-60 руб, у абласных гарадах – каля 45-50 руб, у буйных раённых цэнтрах – каля 40 руб, у іншых населеных пунктах – каля 30 руб" , - дадаюць у МПЗ.
Мінфін яшчэ раз патлумачыў, навошта ўводзяць падатак на кватэры
Чытайце таксама:
Названа сума падатку, якую будуць плаціць уладальнікі кватэр
Мінфін растлумачыў, каго вызваляць ад "падатку на кватэру"
Падатак на кватэру ўвядуць у Беларусі. Якім ён будзе?