МІНСК, 5 сту – Sputnik. У наступным навучальным годзе ў БДУ з'явяцца дзве новыя спецыяльнасці, яны адкрыюцца на біялагічным і геаграфічным факультэтах, паведамілі ў прэс-службе ВНУ.
Адна з іх - "біяінжынерыя і біяінфарматыка". Студэнты, якія паступілі на яе, будуць вывучаць генную і клетачную інжынерыю, малекулярную біялогію, біяхімію, вірусалогію, біямеханіку, тэрмадынаміку, нейронавыя сеткі, малекулярную эвалюцыю і многія іншыя дысцыпліны. Выкладаць будуць спецыялісты біяфака, ФПМІ, мехмата, хімфака і факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій.
Выпускнікам будуць прысвойваць кваліфікацыю "Біяінжынер-біяінфарматык". У БДУ тлумачаць, што такія спецыялісты, якія адначасова валодаюць ведамі ў галіне агульнай біялогіі, геннай інжынерыі, оміксных тэхналогій, інфарматыкі, матэматыкі і статыстыкі, даўно патрэбны краіне. Зараз на біяфаку чатыры спецыяльнасці па бакалаўрыяце: "біялогія", "біяхімія", "мікрабіялогія" і "біяэкалогія".
Выпускнікі новай спецыяльнасці змогуць працаваць у НПЦ, біякарпарацыях, звязаных з медыцынай, фармацэўтыкай, сельскай гаспадаркай, азеляненнем, ІТ-кампаніях, звязаных з біяінфарматыкай і біяінжынерыяй, і гэтак далей.
Адначасова на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі ўпершыню адкрыецца спецыяльнасць "геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць". Акрамя класічных геадысцыплін, студэнты будуць вывучаць ГІС-тэхналогіі, якія ўключаюць вэб-праграміраванне і праектаванне, прагнозную аналітыку і рэкламу ў турыстычнай галіне, эканоміку турызму.
Колькі прымуць студэнтаў?
Універсітэт пакуль не апублікаваў арыентыровачны план прыёму і прахадныя балы на новыя спецыяльнасці. Аднак удакладніў, што набор будзе весціся на бюджэтную і платную форму навучання. Паступаць на іх можна будзе як па праграмах бакалаўрыята і спецыялітэта (1-4 курс), так і магістратуры.
Новыя спецыяльнасці-2021
Нагадаем, у мінулым годзе ў беларускіх ВНУ з'явілася чатыры прынцыпова новыя спецыяльнасці. У БДУ гэта "рэгіёназнаўства" і "эканамічная бяспека". У Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі ўпершыню пачалі рыхтаваць пілотаў па спецыяльнасці "лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі", а ў БНТУ з'явіўся "прамысловы дызайн".
Самымі запатрабаванымі ў леташняй прыёмнай кампаніі сталі тры спецыяльнасці - "міжнародныя адносіны", "правазнаўства" і "фізічная культура", куды конкурс склаў 5 і больш чалавек на адно месца.
Чытайце таксама:
БДУ, БНТУ і іншыя: беларускія ВНУ ўвайшлі ў топ найлепшых Еўропы
Мінадукацыі растлумачыла, чаму аграрныя спецыяльнасці ўжо не такія папулярныя
Паступленне - 2021: якія спецыяльнасці апынуліся самымі запатрабаванымі?