МІНСК, 11 сту – Sputnik. Telegram-канал "Пул першага", блізкі да прэс-службы кіраўніка дзяржавы, размясціў фота рэзалюцыі Аляксандра Лукашэнкі пад інфармацыяй аб просьбе Марата Башарава згуляць з ім у хакей.
Марат Башараў нядаўна наведваў Беларусь, у эфіры дзяржТБ ён заявіў, што хоча згуляць з прэзідэнтам Беларусі ў хакей.
"Я шмат чым захапляюся, напрыклад, у хакей гуляю – я займаўся хакеем і гуляю ў хакей. Дарэчы, у мяне вялікая мара: згуляць з Аляксандрам Рыгоравічам у хакей. Аляксандр Рыгоравіч, я не падвяду", - сказаў Башараў у інтэрв'ю "Беларусь 1".
Гэта адбылося ў той дзень, калі кіраўнікі Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін гулялі ў хакей у Санкт-Пецярбургу пасля нефармальных перамоў у Канстанцінаўскім палацы ў Стрэльні.
Што адказаў Лукашэнка?
Беларускі лідар прапанаваў акцёру сабраць каманду аматараў і прыехаць у Мінск. Гэта гаворыцца ў рэзалюцыі беларускага лідара пад раздрукоўкай заметкі аб мары Башарава, апублікаванай на сайце Sputnik Беларусь.
"Няхай фарміруе каманду аматараў і прыязджае ў Беларусь", - гаворыцца ў рэзалюцыі Лукашэнкі.
Лукашэнка захапіўся хакеем з-за траўмы
На адной з сустрэч з хакейным клубам "Дынама" Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт таго, якое важнае месца хакей займае ў сістэме беларускага спорту. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта не трэба звязваць з яго захапленнем хакеем.
"Я хачу, каб вы дакладна разумелі – я не пазіцыяную сябе хакеістам. Калі гаварыць пра маё спартыўнае крэда, я зусім не хакеіст, а футбаліст. Але так лёс склаўся, што, атрымаўшы траўму калена, мне давялося займацца хакеем", - прызнаўся прэзідэнт.
Беларускі лідар у свой час назваў хакей, як і ўвесь спорт, вялікай ідэалогіяй, растлумачыўшы, што спартыўныя спаборніцтвы глядзяць мільярды людзей у свеце. "У савецкія часы падлічвалі, што прадукцыйнасць працы пасля таго, як савецкія спартсмены выйгравалі, узнімалася значна. Вось сутнасць спорту", - адзначыў Лукашэнка.
Гуляе з малодшым сынам
Хакейная каманда Аляксандра Лукашэнкі выступае ў аматарскіх рэспубліканскіх спаборніцтвах на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, якім кіруе сярэдні сын беларускага прэзідэнта Дзмітрый.
Актыўную ролю ў прэзідэнцкай дружыне іграе малодшы сын. Напрыклад, у пачатку снежня каманда Лукашэнкі разграміла зборную Гомельскай вобласці – 8:2, і Мікалай Лукашэнка закінуў дзве шайбы і аддаў галявую перадачу. Наступным сапернікам у гэтым годзе стане калектыў Магілёўскай вобласці.
Чытайце таксама:
Лукашэнка напярэдадні Новага года правёў хакейную трэніроўку
У адной камандзе, але ў розных звеннях: Лукашэнка і Пуцін згулялі ў хакей
Мікалай Лукашэнка згуляў у камандзе бацькі на хакейным турніры