Сапраўдная зіма: якім будзе надвор'е ў Беларусі 24-30 студзеня?

На наступным тыдні ў краіне будзе больш-менш стабільнае надвор'е: абыдзецца без істотных ападкаў, затое мароз канчаткова замацуецца і захаваецца нейкі час.
Sputnik
МІНСК, 23 сту - Sputnik. У пачатку наступнага працоўнага тыдня сярэднесутачная тэмпература паветра ў Беларусі будзе на ўзроўні 6-8 градусаў марозу, распавялі ў эфіры тэлеканала АНТ.
У панядзелак будзе воблачна з праясненнямі, верагоднасць ападкаў складзе 10 працэнтаў. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца, вецер будзе дзьмуць умерана. Цяплей будзе ў заходніх рэгіёнах краіны, а на ўсходзе раніцай і ноччу будзе да -20°C.
У аўторак стане яшчэ халадней: слупок тэрмометра ў начны час упадзе да 23 градусаў ніжэй за нуль, днём у большасці раёнаў будзе 8-10°C.
Сіноптыкі не выключаюць, што з серады ў рэспубліцы пачнуцца снегапады рознай інтэнсіўнасці. Вецер стане парывістым і будзе дзьмуць з захаду. Да пятніцы тэмпература захаваецца на такіх адзнаках: днём - ад мінус 3 да мінус 10 градусаў, ноччу - ад мінус 4 да мінус 17 градусаў.
У выхадныя пачне крыху цяплець, магчымы мокры снег з дажджом. Вецер будзе з парывамі - да 20 м/с. Днём у суботу і нядзелю будзе ўжо "каля нуля", гурбы пачнуць раставаць. Аднак ноччу на ўсходзе краіны слупок тэрмометра яшчэ апусціцца ніжэй за 13 градусаў.

Парады аўтааматарам

Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе па магчымасці адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце ў найбліжэйшыя дні. Калі гэтага зрабіць не атрымалася, ехаць за рулём пажадана з уключаным блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі, а таксама выконваць хуткасны рэжым і бяспечную дыстанцыю.
Таксама ДАІ просіць аўтамабілістаў не пакідаць свае машыны на праезнай частцы на працяглы час, каб не ствараць перашкоды для працы снегаўборачнай тэхнікі. У адваротным выпадку іх адбуксіруюць эвакуатарамі на ахоўныя стаянкі.
Зіма становіцца цяплейшай: як глабальнае пацяпленне ўплывае на Беларусь