МІНСК, 31 сту - Sputnik. У Беларусі расце колькасць людзей з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі, а таксама каронавіруснай інфекцыяй, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Большасць пацыентаў хварэе дома, таму ўзрасла нагрузка на амбулаторна-паліклінічную і педыятрычную службы.
Міністэрства аховы здароўя супакойвае: "У кожнай установе аховы здароўя распрацаваны планы па арганізацыі работы ў залежнасці ад узроўню росту захваральнасці і звяртальнасці пацыентаў".
У прыватнасці, правераны ўсе кіслародныя сістэмы, павялічаны запасы сродкаў індывідуальнай аховы, лекавых сродкаў. Міністэрства аховы здароўя інфармуе, што ва ўсіх рэгіёнах краіны загадзя праведзена навучанне ўрачоў розных спецыяльнасцей, прадумана лагістыка работы кантактных брыгад. Дапамогу ўрачам аказваюць студэнты медуніверсітэтаў, навучэнцы медкаледжаў.
З 1 лютага і да асаблівага распараджэння ў медыкаў прыпыняюцца адукацыйныя мерапрыемствы: курсы павышэння кваліфікацыі, семінары, навукова-практычныя канферэнцыі.
Спецыялісты звяртаюць увагу, што тыя, хто зрабіў прышчэпку, "амікрон" пераносяць лягчэй, чым тыя, якія не прышчэпліваліся. Пры гэтым хвароба працякае як вострая рэспіраторная інфекцыя, а не пнеўманія.
Асноўныя сімптомы пры захворванні "амікрон"-штамам: боль у горле, кашаль, насмарк, у некаторых адзначаюцца павышэнне тэмпературы, ламота і слабасць.
Усе на прышчэпку!
Міністэрства аховы здароўя ў чарговы раз нагадвае: асноўныя спосабы засцерагчыся ад захворвання – вакцынацыя, дыстанцыяванне, выкарыстанне сродкаў індывідуальнай аховы органаў дыхання, гігіена рук.
Профільнае міністэрства нагадвае, што "прышчапіцца можна практычна ва ўсіх паліклініках краіны, бальніцах, гандлёвых цэнтрах і нават у метро".
"Амікрон" пераносіцца лягчэй
Напярэдадні ў Беларусі быў пабіты рэкорд па колькасці захварэлых на COVID-19. Паводле афіцыйных дадзеных, у краіне зафіксаваны 2 387 выпадкаў заражэння каронавірусам.
Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч напярэдадні расказаў, што зараз у краіне шмат хворых, але яны пераносяць хваробу ў лёгкай форме.
Паводле яго слоў, штам "амікрон" – гэта вялікая колькасць хворых са значна меншай патагеннасцю.
Чытайце таксама:
Што рабіць пры каронавірусе - новая памятка Міністэрства аховы здароўя Беларусі
Вучыцеся ў Беларусі: Анішчанка ацаніў поспехі краіны ў барацьбе з COVID
Доктар назваў сімптом, які дазваляе выявіць "амікрон" да тэста на COVID-19
Мінск забяспечаны запасам лекаў супраць COVID-19 – Богдан
Вакцынацыя дзяцей ад CОVID-19 унесена ў спіс прафілактычных прышчэпак