МІНСК, 3 лют - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб намеры закупіць у Расіі амаль усю тэхніку, якая ўдзельнічае ў расійска-беларускіх вучэннях "Саюзная рашучасць - 2022", перадае карэспандэнт Sputnik.
"Практычна ўся тэхніка (ваенная), якая будзе тут, мы плануем закупляць - у гэтым, наступным годзе і гэтак далей", - сказаў Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу.
У гутарцы з міністрам абароны РФ Лукашэнка зазначыў, што беларускія вайскоўцы павінны пераймаць расійскі перадавы вопыт і зацікаўлены ў гэтым.
“Мы хочам навучыцца. Па-другое, мы ж тут развіваем цэнтры навучання. Гэта была мая просьба да вас, каб вы стварылі тут цэнтры па найноўшай зброі. Дзякуй, вы адгукнуліся на гэта, і мы ўжо два ці тры цэнтры маем (два цэнтры на тэрыторыі РФ і адзін цэнтр на тэрыторыі Беларусі – Sputnik)", - сказаў Лукашэнка.
"Мы гатовы стварыць і яшчэ цэнтры, каб асвоіць і сістэмы СПА і найноўшыя ўзоры ўзбраенняў, якія ствараюцца на тэрыторыі Расіі", - падкрэсліў Лукашэнка.
Пастаўкі расійскага ўзбраення ў Беларусь
Пастаўкі найноўшага ўзбраення і тэхнікі Расіі ў Беларусь былі адной з тэм у час сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін у верасні 2021 года. Як расказваў па яе выніках Аляксандр Лукашэнка, вядуцца перагаворы аб набыцці зенітнага ракетнага комплексу С-400.
У час наведвання першага этапа вучэнняў "Захад-2021" Аляксандр Лукашэнка расказваў, што Беларусь мае намер патраціць на набыццё ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў Расіі больш як $1 млрд.
На гэтую суму мяркуецца закупіць С-400, авіяцыйную тэхніку і Тор-М2. Тады ж прэзідэнт Беларусі ўдакладніў, што авіятэхнікі з Расіі паступіла ўжо. Верагодней за ўсё гаворка ішла аб знішчальніках Су-30СМ.
Тор-М2 адрозніваецца тым, што гэта комплекс малой далёкасці. Ён прызначаны для паражэння самалётаў, верталётаў, беспілотнікаў і кіраваных ракет, якія ляцяць на сярэдніх, малых і лімітава малых вышынях.