Літоўскі ўрад з 2 лютага спыніў транзіт беларускага калію па сваёй тэрыторыі. Гэта звязана з амерыканскімі санкцыямі, якія былі ўведзены ў дачыненні да "Беларуськалія". Латвія таксама пацвердзіла, што не будзе прапускаць калій праз свае парты, а нарвежская кампанія Yara заявіла аб спыненні кантракта з партнёрам з Беларусі. А яшчэ і Эстонія аб’явіла аб блакіроўцы транзіту беларускіх нафтапрадуктаў, якія пастаўляліся ў абход Літвы.
Як гаворыцца, навалілася ўсё і адразу. Праўда, Мінск вырашыў не заставацца ўбаку і ўвёў меры ў адказ у дачыненні да Вільнюса: забараніў транзіт літоўскіх нафтапрадуктаў і ўдабрэнняў чыгуначным транспартам па беларускай тэрыторыі.
Чым скончыцца санкцыйнае пікіраванне краін-суседак? Хто страціць з-за "калійнай вайны" больш – Беларусь ці Літва? І ці не "страляе" сабе ў нагу Мінск, уводзячы абмежаванні на літоўскі транзіт, пагаршаючы тым самым і без таго няпростае санкцыйнае становішча? Пагаварылі з беларускім і расійскім экспертамі таксама аб тым, як хутка "Беларуськалій" перанакіруе грузавыя патокі ў РФ.
Калій спатыкнення
Самы вялікі ўдар быў нанесены менавіта Літвой у сувязі з перакрыццем транзіту калійных удабрэнняў, лічыць беларускі вучоны-эканаміст, які пагадзіўся пагаварыць са Sputnik на ўмовах ананімнасці.
Паводле слоў субяседніка, Мінск мог сёлета атрымаць каля 3 мільярдаў долараў ад перакідкі калію праз літоўскія парты, бо на ўдабрэнні ў свеце вялікі попыт.
"Нічога добрага ў тым, што перакрыты транзіт калію. Мінск вельмі спадзяваўся на тое, што з-за росту попыту на ўдабрэнні ў свеце Вільнюс ўсё ж пагаворыць аб абмежаваннях, але не пойдзе далей за гэта. Атрымалася інакш. І гэта стала ў некаторай ступені нечаканасцю для беларускага боку", - адзначае ён.
"Беларусь можа страціць прыкладна 10% бюджэтных паступленняў сёлета ў сувязі з літоўскімі забаронамі. Можа, 8%, але дакладна не менш. Занадта шмат прыбытку прыносіў калій. І казаць пра тое, што зараз Мінск хутка пераарыентуе грузы ў той жа Санкт-Пецярбург, не прыходзіцца", - дадае эксперт.
Паводле яго слоў, размова ідзе аб вялізных патоках калію – узяць мільёны тон і разгарнуць у іншым напрамку вельмі няпроста. Нават з пункту гледжання лагістыкі, не гаворачы ўжо аб пытаннях транзіту і магчымасцях расійскіх партоў.
"Справа ў тым, што Расія сама экспартуе шмат свайго калію. І для гэтага патрэбны спецыяльныя тэрміналы ў партах. А яны і без таго загружаны. Таму, вядома, працэс перакідкі няхуткі. Так, ёсць упэўненасць у тым, што РФ у выніку перавязе беларускія тавары, але пытанне – калі?" – удакладняе спецыяліст.
Страты непазбежныя
Эканаміст перакананы, што Беларусь пакуль што будзе несці фінансавыя страты ад пераарыентацыі грузапатоку калію ў РФ. Па адной простай прычыне: іншая адлегласць, іншыя тарыфы. Паводле яго слоў, было б больш выгадна экспартаваць у такой сітуацыі прадукцыю праз парты Адэсы, але Кіеў паставіў палкі ў колы Мінску – ад такой ідэі прыйшлося адмовіцца.
"Гаварыць аб канкрэтных сумах зараз складана: трэба ўлічваць транзіт, кошт перавалкі грузаў. Але зараз зразумела, што для Вільнюса гэта таксама страты адчувальныя – гаворка пра мільярды. Але яны пайшлі на палітычны прынцып. Цвёрда стаяць на сваіх палітычных перакананнях на шкоду эканоміцы. Напэўна ім заходнія краіны і амерыканцы будуць і фінансава ўдзячныя за такі ўчынак. Але не факт, што падтрымка перакрые страты", - выказаўся беларускі эканаміст.
Пры гэтым ён лічыць, што Мінск мог і не спяшацца з увядзеннем мер у адказ. Хоць бы таму, што ва ўмовах санкцыйнай палітыкі трэба "скрэбці па засеках", здабываць з усяго выгады. Хаця і маўчаць, вядома, таксама будзе дзіўна.
"Сітуацыя ў цэлым сумная, як для Літвы, так і для Беларусі… Расія не застанецца ў баку, у Масквы ёсць геапалітычная зацікаўленасць у гэтым, а таксама даўняя цікавасць да беларускага калію. Як ні круці, а ў РФ усё ж жывуць рынкам, а не нейкімі ілюзіямі па сацыялізме. Таму тамтэйшы бізнес дакладна не адвернецца ад беларускіх удабрэнняў, не выключана і тое, што ўзамен запатрабуе некаторага зліцця калійнай галіны Беларусі і РФ, але на сваіх умовах", - адзначае эксперт.
Кампенсаваць санкцыйныя страты
Ці зможа беларускі бок кампенсаваць страты ад калію экспартам па іншых напрамках? Эксперт мяркуе, што збольшага так, але не поўнасцю. Хаця б таму, што астатні экспарт хоць і працягвае рост на фоне пандэміі, але ўсё ж сітуацыя з цэнамі ў свеце стабілізуецца.
"Не адна Беларусь тут такая разумная і не спыніла вытворчасці ў перыяд каронавіруса, рабочыя ў развітых краінах ужо вяртаюцца да станкоў, прамысловасць запускаецца. Таму чакаць росту цэн на экспартныя тавары, як у 2021 годзе, зараз не даводзіцца. Парадокс і ў тым, што бум росту цэн ідзе менавіта на калій: а тут пачалася санкцыйная калатнеча", - адзначыў ён.
Што думаюць у Маскве?
А што пра сытуацыю з калійнымі санкцыямі думаюць у Маскве? Вядомы расійскі эксперт Сямён Уралаў перакананы, што не толькі Беларусь, але і Літва панясе вялікія эканамічныя страты ад прыняцця санкцый у адносінах да "Беларуськалія".
"Але трэба разумець, што гэтыя страты закладзены ў самой дзяржаўнасці Літвы, таму што ідэя нацыянальная такая ў іх: уцячы ад уплыву Масквы, у гэтым сэнсе і Беларусі таксама. І з улікам той сітуацыі з міграцыяй, якая ў іх склалася ў краіне, з’ехалі многія, то гэта тупіковы шлях", - адзначае ён.
Дзіўная стратэгія Літвы
Паводле яго слоў, гэта прывядзе да краху эканамічнай мадэлі ў прыбалтыйскіх рэспубліках, але кіруючую эліту Літвы, Латвіі гэтыя наступствы не асабліва хвалююць. Больш за тое, яны гатовы былі да мер Мінска ў адказ па забароне транзіту ўдабрэнняў і нафтапрадуктаў.
"Яны выбралі такі шлях. Яны пераналадзяць свае транзітныя шляхі ў абход Беларусі. І гэта падштурхне да развіцця праект Rail Baltica, які злучыць краіны Балтыі, Польшчу і Заходнюю Еўропу. А заробяць на гэтым усім у выніку палякі, нічога дзіўнага", - удакладніў Уралаў.
Контрсанкцыі Мінска
Рашэнне ўлад Беларусі прымяняць санкцыйныя меры прадыктаваны беспрэцэдэнтным эканамічным ціскам, перакананы ў Маскве многія палітолагі і эканамісты.
Яны адзначаюць, што раней краіны-суседкі ўжывалі рэстрыкцыі ў дачыненні да Мінска, але ён не рэагаваў на іх і не ўжываў мер у адказ. У выніку шматвектарная палітыка Беларусі з часам пачала ўспрымацца як слабасць.
А таму дзеянні ў адносінах да Літвы эксперты называюць апраўданымі, бо краіны ў дадзенай сітуацыі не могуць дамовіцца.
"Але важна разумець, што ў Беларусі адбыўся крах эканамічнай шматвектарнасці. І зараз беларускай эліце трэба вывучаць працэсы ў РФ, а тут працэсы прагматызацыі. У свеце эканамічны час паскараецца, а ў Мінска ёсць старая традыцыя не вельмі спяшацца. А зараз гэты павольны разварот курса, гэта будуць сур’ёзныя эканамічныя страты", - перакананы Уралаў.
Расія дапаможа
Пры гэтым у Маскве ўпэўнены, што сур’ёзных праблем з перакідкай транзіту калію з Літвы ў РФ узнікнуць не павінна.
"Нават калі ўлічваць вялізныя аб’ёмы беларускага калію. Лагістыку можна і трэба выбудоўваць. Але ёсць аб’ектыўная праблема часу, каб ажыццявіць перакід такіх вялізных аб’ёмаў, трэба некалькі гадоў. Таму што ў Расіі таксама бум на перавалку, прычалы трэба абсталяваць, іх трэба будаваць", - сказаў расійскі эксперт.
Акрамя таго, мяркуе Уралаў, Мінску давядзецца ўкласціся ў развіццё транспартнай інфраструктуры ў напрамку Ленінградскай вобласці.
"Жахлівы стан чыгункі, трэба ўкладваць сродкі ў аўтадарогі паміж Мінскам і Санкт-Пецярбургам. Прычым з боку РФ нашмат лепш федэральныя трасы, чым з беларускай. Гэта значыць усё гэта рэальна і гэта будзе зроблена, але галоўная праблема – гэта якасць аналізу, прагназавання у Мінску. Таму што расійскі бок яшчэ ў 2018 годзе гаварыў аб тым, што трэба праводзіць перакідку калію праз Ленінградскую вобласць, ды і не толькі калію", - падкрэслівае ён.
Развітанне з ілюзіямі
Уралаў таксама згодны з меркаваннем шматлікіх беларускіх і расійскіх аналітыкаў у тым, што ўлады Беларусі, хутчэй за ўсё, не верылі, што ў Літве пойдуць на такі сур’ёзны крок з санкцыямі.
Як ні круці, а для маштабаў літоўскай эканомікі гэта вельмі вялікія страты. Сур’езна да забароны транзіту ніхто не рыхтаваўся, і таму зараз ідзе такі нервовы і спешны пошук альтэрнатыў. Хаця альтэрнатыва тут адна – Расія.
Справіцца з узніклай праблемай у адзіночку Мінску наўрад ці зможа. Транзіт калійных удабрэнняў без удзелу ў гэтым працэсе РФ папросту немагчымы, паколькі шляхі ў ЕС і на Украіну, мяркуючы па ўсім, зачынены надоўга.
Засталося спадзявацца, што Мінск і Масква знойдуць узаемавыгаднае вырашэнне пытання, і яно не стане чарговым каменем спатыкнення на шляху беларуска-расійскай інтэграцыі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Лукашэнка плануе абмеркаваць з Пуціным пастаўкі калію праз Расію
Набыла моц забарона на транзіт па чыгунцы нафтапрадуктаў і ўдабрэнняў з Літвы
Літва можа даскакацца – Лукашэнка
Адпраўка Мінскам калійных удабрэнняў праз парты РФ абмяркоўваецца - Пяскоў
Нарвежская кампанія Yara спыніць закупку калію ў Беларусі