На вуліцы значна пацяплела, ды і сонейка свеціць ужо больш лагодна. Усё гэта спрыяе добраму настрою, калі хочацца спяваць так моцна, каб пачулі нябёсы, жартаваць, вырабляць усялякія штукі.
Сама прырода падказвае, што зіма мінула і надышоў час яе провадаў. На парозе Масленіца – даўняе язычніцкае свята развітання з зімой, якое сёлета прыпадае на перыяд ад 28 лютага да 5 сакавіка. А пакуль што завяршаецца Мясаед – тыдзень, калі гаспадыні амаль штодня разам з іншымі смачнымі стравамі гатавалі і мясныя.
Масляныя Дзяды
Калі ў пачатку і канцы тыдня назіраліся мяцеліцы, то ў народзе казалі, што гэта Усяедная спачатку ў госці едзе, а пасля разам з завірухай ад’язджае.
А яшчэ гэты тыдзень лічыўся памінальным і меў багата найменняў: "Дзедаў, Памінальны, Усеядны, Масляныя Дзяды, Мясаедныя, Паставыя, Зімовыя, Стрэчаньскія".
Асабліва ўрачыста дні памяці ў гонар памерлых продкаў адзначалі у канцы гэтага тыдня ў пятніцу і суботу. У гэтыя дні не працавалі, каб не шкодзіць "мёртвым душам".
Як святкавалі? Раніцай палілі печку і гатавалі да святочнага абеду смачныя стравы, бялілі крэйдай сцены ў хаце, якія за зіму паспявалі задыміцца, засцілалі стол чыстым абрусам, вешалі новы рушнік і чакалі ў госці "дзядоў". Абавязкова пяклі бліны, своеасаблівую ахвяру продкам. Гэта найстаражытнейшая страва – першы чалавечы хлеб. На Масленку гарачыя бліны клалі на вакно, каб продкі сілкаваліся парай і спрыялі надалей жывым.
Пасля святочнага рытуальнага абеду стол не прыбіралі, пакідаючы стравы для "частавання дзядам". Акурат сёння, 26 лютага такая субота. У ідэале зранку схадзіць у царкву і памаліцца ў малітве за памерлых. Калі ж гэта не атрымаецца, то прыгатуйце любімую сямейную страву і зрабіце памінальную вячэру, збярыцеся сям’ёй за агульным сталом і ўзгадайце тых, каго ўжо няма, іх характар, прыжыццёвыя дасягненні і добрыя ўчынкі. Кажуць жа, што пакуль нас памятаюць, мы не паміраем.
Стравы для святочнай вячэры
Бліны на сыроватцы
З чаго гатаваць:
1 л сыроваткі,
0,5 ст. л. соды,
1 яйка,
мука (па патрэбе),
цукар,
соль.
Бліны на сыроватцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У сыроватку сыплюць соду, каб добра запенілася. Дадаюць яйка, соль, цукар па смаку і мукі столькі, каб цеста было не густое і добра лілося.
На разагрэтую патэльню ўліваюць алей і наліваюць два апалоніка цеста. Ставяць патэльню ў печ і чакаюць пакуль не зашкварчыць, каб перавярнуць блін на другі бок.
Да бліноў падаюць жур або грыбную мачанку.
Жур па-вясковаму
З чаго гатаваць:
1 шк. аўсяных круп "Геркулес",
4 шк. вады,
1 скарынка чорнага хлеба,
150 г сала,
2 цыбуліны,
соль.
Жур з каўбасой і салам
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У каструлю засыпаць аўсяныя крупы, заліць цёплай гатаванай вадой, дадаць скарынку чорнага хлеба і паставіць у цёплае месца для закісання. Набрынялыя крупы працадзіць, прамыць і зноў працадзіць. Атрыманае аўсянае малачко варыць да загусцення, увесь час памешваючы.
Падсмажыць на сале цыбулю і заправіць гэтым жур, падаць з блінамі.
Мачанка грыбная
З чаго гатаваць:
100 г сушаных грыбоў,
2 цыбуліны,
1-2 ст. л. мукі,
1 ст. л. масла,
4 ст. л. смятаны,
перац,
соль.
Як гатаваць. Папярэдне замочаныя грыбы адварыць, нарэзаць саломкай. Пасераваную муку развесці невялікай колькасцю ахалоджанага грыбнога адвару, дадаць падсмажаную цыбулю, смятану, перац, соль. Атрыманым соусам заліць грыбы, давесці да кіпення.
Яечня
З чаго гатаваць:
8 яек,
2 ст. л. мукі,
1 шк. малака,
100 г сала,
100 г сялянскай каўбасы,
соль.
Яечня бітая
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Яйкі ўзбіць, дадаць муку, соль, добра перамяшаць. Нарэзанае брусочкамі сала і кавалачкі каўбасы падсмажыць, заліць яечнай сумессю. Смажыць амлет спачатку на пліце, затым давесці да гатоўнасці ў духоўцы.
Пасля Дзедавай суботы пераставалі есці мясныя стравы і пачыналі рыхтавацца да Сырніцы або Масленічнага тыдня. Да хуткай сустрэчы з бліннымі рэцэптамі!
А пакуль што з годнасцю "пачастуем" продкаў і пачастуемся самі!
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Як беларусы Дзяды дзедуюць, або "Не ад нас тое пайшло й не на нас яно кончыцца"
Куцця і заяц у смятане: гатуем памінальны стол па рэцэптах продкаў
Душы людзей і смерць: што яшчэ сімвалізуе матылёк у беларускай культуры