Вялікія выхадныя, павышэнне пенсій і трэці этап РТ: што чакае беларусаў у сакавіку

Прынята лічыць, што з надыходам вясны многае мяняецца. Аднак у сакавіку беларусаў чакае нашмат менш новаўвядзенняў, чым у студзені і лютым. Што менавіта зменіцца з першым днём вясны у аглядзе Sputnik.
Sputnik
На пачатак сакавіка выпадаюць доўгачаканыя доўгія выхадныя. Згодна з вытворчым календаром на 2022 год, беларусы будуць адпачываць чатыры дні, пачынаючы з 5 сакавіка – непасрэдна 5-га, 6-га, 7-га і 8-га чысла. Звязана гэта са святкаваннем Міжнароднага жаночага дня, які прыпадае на аўторак. Аднак за панядзелак, 7 сакавіка, адпрацаваць усё ж давядзецца - у суботу, 12-га.
Таксама ў сакавіку беларускіх школьнікаў чакаюць вясновыя канікулы, яны пачнуцца 27-га чысла і прадоўжацца адзін тыдзень.
Пра найважнейшыя змены першага месяца каляндарнай вясны – у традыцыйным дайджэсце Sputnik.

Можна адкрываць базавы рахунак у банку

Пачнём, як заўсёды, з грошай.
З 1 сакавіка любы непаўналетні беларус зможа адкрыць сабе базавы рахунак у банку. Што гэта значыць? Такія рахункі павінны быць у тых, хто атрымлівае сацвыплаты (пенсіі і дапамогі) на карты, а не наяўнымі.
Адкрываць і закрываць рахунак можна будзе бясплатна, таксама бязвыплатна можна будзе пераводзіць грошы на іншыя карты, адкрытыя ў гэтым жа банку; здымаць наяўныя грошы праз банкаматы і касы гэтай банкаўскай установы; разлічвацца за тавары і паслугі ў інтэрнэце.

Трэба падаць падатковыя дэкларацыі

Фізасобам, якія атрымлівалі прыбытак ад продажу кватэр і аўтамабіляў, у сакавіку неабходна падаць у падатковыя свае дэкларацыі, дэдлайн - да 31-га чысла.
Аплаціць падаходны падатак трэба тым, хто прадаў два і больш аўто за мінулы год, а таксама прадаў больш за адну кватэру, жылы дом, дачу, гараж, машына-месца ці іншы аб'ект нерухомасці, які не адносіцца да вышэйпералічаных.
Акрамя таго, гэта неабходна зрабіць наступным катэгорыям фізічных асоб:
тым, хто ў 2021 годзе атрымліваў даходы з-за мяжы або за мяжой (пры гэтым знаходзіўся ў Беларусі не менш за 183 дні);
тым, хто атрымаў у падарунак больш за 7521 рубель (выключэнне – падарункі ад блізкіх сваякоў).
Таксама ў сакавіку падаткі са сваіх даходаў павінны заплаціць блогеры, якія манетызуюць кантэнт і зарабляюць на рэкламе. Індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты і натарыусы абавязаны заплаціць страхавыя ўзносы за 2021 год не пазней за 1 сакавіка 2022-га. Мінімальная сума - 1705 рублёў 30 капеек.

Пенсіі - больш

З 1 сакавіка ў Беларусі павышаецца памер працоўных пенсій, указ аб гэтым яшчэ ў студзені падпісаў Аляксандр Лукашэнка. У сярэднім яны стануць большымі на 7%. У абсалютным выражэнні (гэта значыць у рублях) у кожнага пенсіянера выплаты будуць рознымі - у залежнасці ад стажу і ўзросту. Падставай для пераразліку пенсій стаў рост сярэдняга заробку ў краіне.
Чакаецца, што пенсіі па ўзросту з 1 сакавіка адносна лютага павялічацца ў сярэднім на 34 рублі і складуць у непрацуючага пенсіянера каля 580 рублёў (201 долар па курсе Нацбанка на 28 лютага). Летась яны былі ў раёне 545 рублёў (197 долараў).

Пачнецца трэці этап РТ

У сакавіку і красавіку будучыя абітурыенты змогуць прайсці трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання, каб лепей падрыхтавацца да ЦТ і ацаніць свае веды.
Зарэгістравацца на пробнае тэсціраванне можна будзе з 1 сакавіка, само РТ пройдзе з 10 сакавіка па 21 красавіка. Гэта будзе заключны этап пробнага экзамену, у Мінску здаць яго можна будзе ў дзевяці пунктах - Ліцэі БДУ, Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы, БДУ, БНТУ і іншых навучальных установах. Поўны спіс - на сайце РІКВ.

Вясновыя канікулы

У школьнікаў у сакавіку будзе восем дзён канікул: яны пачнуцца 27 сакавіка і скончацца 3 красавіка. Нагадаем, што ў беларускіх школах устанавілі новыя тэрміны пачатку і заканчэння навучальнага года.

У Мінску зменіцца рух транспарту

Амаль на 10 месяцаў у Мінску зменіцца рух аўтамабільнага транспарта. Усё з-за капітальнага рамонту пуцеправода на праспекце Жукава: рух на ім і пад ім будзе забаронены. Кожную палову маста зачыняць па чарзе.
У сувязі з гэтым будзе паралізаваны рух на некалькіх участках: па вуліцы Брылеўскай ад праспекта Жукава да вуліцы Вірскай, а таксама ад вуліцы Аэрадромнай да вуліцы Караткевіча. Акрамя таго, па праспекце Жукава ад вуліцы Брылеўскай да Пуцейскага завулка рух будзе абмежаваны (гэта значыць, у нейкі час сутак па гэтым участку праехаць усё ж будзе можна).
Змяненні пачынаюць дзейнічаць з поўначы 1 сакавіка і працягнуцца да 20 снежня 2022 года. Такія расцягнутыя тэрміны звязаны са складанасцю рамонту і з тым, што пуцеправод знаходзіцца над ажыўленай чыгуначнай веткай.

580 долараў за шчупака

У Беларусі з першага дня каляндарнай вясны ўводзіцца забарона на лоўлю шчупака. У гэты час у шчупака пачынаецца нераст, лавіць яго будзе забаронена да 15 красавіка. Тэрміны забароны крыху ссунуты ў Віцебскай вобласці – там яна будзе дзейнічаць з 9 сакавіка па 25 красавіка. Тым, хто будзе лавіць рыбу ў гэтыя тэрміны, пагражае адказнасць да 50 базавых велічыняў (1600 рублёў ці 580 долараў па курсе Нацбанка на 28 лютага).

Цыгарэты не падаражэюць

Дзіўна, але факт. Такога не было ўжо вельмі даўно, аднак беларускія вытворцы і імпарцёры прынялі рашэнне не павышаць у сакавіку кошты на цыгарэты і тытунёвыя вырабы. У лютым у Беларусі даражэлі шэсць марак адных з самых танных цыгарэт.

Стане цяплей

Надвор'е ў сакавіку павінна стаць цяплейшым. У першыя сакавіцкія дні будзе дастаткова сонечна і практычна без ападкаў і ветру, па раніцах слабы туман, а на асобных участках дарог - галалёдзіца. Паветра прагрэецца днём да 4-6 градусаў цяпла, ноччу слупок тэрмометра апусціцца максімум да мінус 8-9 градусаў. У найбліжэйшыя выхадныя сакавіка надвор'е, папярэдне, будзе сонечнае.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Сярэдні заробак у Беларусі сур’ёзна ўпаў і ў рублях, і ў доларах
Беларусы сталі багацей – і вось наколькі
У Беларусі з 1 сакавіка павышаюцца пенсіі