Вясновая сесія беларускага парламента пачне працаваць па новай Канстытуцыі

Як адзначаюць дэпутаты, адкрыццё сесіі ў новыя тэрміны стане першым крокам па імплементацыі новых канстытуцыйных норм у дзейнасць парламента.
Sputnik
МІНСК, 14 сак - Sputnik. Сесія беларускага парламента адкрыецца ў дзень уступлення ў сілу новай Канстытуцыі, змяненні і дапаўненні ў Асноўны закон былі прыняты на рэспубліканскім рэферэндуме.
Раней вясновая сесія беларускага парламента заўсёды адкрывалася 2 красавіка (калі гэты дзень не выпадаў на выхадныя). У адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй у парламентарыяў будзе не дзве сесіі за год, а адна.
"Восьмая сесія Палаты прадстаўнікоў пачне работу 15 сакавіка", – паведамілі Sputnik у панядзелак у ніжняй палаце парламента.
На мінулым тыдні адбылося паседжанне Савета палаты Нацыянальнага сходу Беларусі, на якім быў зацверджаны план разгляду законапраектаў.
Як паведаміў журналістам старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка, у парадак сесіі ўнесена 13 пытанняў.
"У першым чытанні будзе разгледжаны шэраг праектаў законаў, якія датычацца пытанняў крымінальнай адказнасці, донарства крыві і яе кампанентаў, магістральнага транспарту, абыходжання з адходамі", - сказаў Семяняка.
Паводле яго слоў, у Авальнай зале таксама будзе разгледжаны "шэраг законапраектаў, якія датычацца ратыфікацыі міжнародных пагадненняў і дагавораў".
Парламентарый адзначыў, што адкрыццё сесіі ў новыя тэрміны стане першым крокам па імплементацыі новых канстытуцыйных норм у дзейнасць парламента.
Як падкрэсліў Семяняка, дэпутатам давядзецца разгледзець дастаткова шмат дакументаў, звязаных з абнаўленнем Канстытуцыі.
Цяпер, удакладніў ён, такіх законапраектаў ужо не менш за сто, і на гэта парламенту спатрэбіцца амаль два гады. Плануецца, што будуць разгледжаны законапраекты аб Усебеларускім народным сходзе (УНС), парламенце, Выбарчым кодэксе.
"Гэта дастаткова вялікая работа, якую трэба завяршыць да сакавіка 2024 года", - сказаў кіраўнік парламенцкай камісіі.
Як паведамлялася, у адпаведнасці з новай Канстытуцыяй у беларускіх парламентарыяў будзе адна сесія. Таксама па новым Асноўным законе Палата прадстаўнікоў будзе даваць папярэднюю згоду прэзідэнту на прызначэнне прэм'ера, а раз на год - заслухоўваць інфармацыю Генпракурора, кіраўнікоў КДК і Нацбанка аб выніках іх дзейнасці.

Змены ў Канстытуцыю

Асноўным днём галасавання па зменах у Канстытуцыю было прызначанае 27 лютага. На парадак дня выносілася ўсяго адно пытанне: "Ці прымаеце Вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?".
Варыянтаў адказу было два - "так" ці "не".
У прыватнасці, жыхарам краіны прапанавалі Усебеларускі народны сход зрабіць вышэйшым прадстаўнічым органам улады, які вызначае знешнюю і ўнутраную палітыку Беларусі.
Акрамя таго, у новай рэдакцыі Асноўнага закона гаворыцца, што Беларусь - гэта бяз'ядзерная і нейтральная краіна і будзе развіваць атамную энергетыку ў мірных мэтах.
Таксама замацавана паняцце шлюбу. Цяпер гэтая трактоўка выглядае як саюз мужчыны і жанчыны. Дададзена, што праява патрыятызму з'яўляецца асноўным абавязкам кожнага грамадзяніна краіны.
У праекце Канстытуцыі было прадугледжана абмежаванне на магчымасць абірацца прэзідэнтам: сказана, што адна і тая ж асоба можа займаць гэтую пасаду не больш за два тэрміны.
Прэзідэнт абіраецца тэрмінам на 5 год. Пасля складання сваіх паўнамоцтваў (альбо датэрмінова ў выпадку адстаўкі) прэзідэнт можа стаць пажыццёвым членам Савета Рэспублікі.
Пашыраны артыкул 89, дзе гаворыцца, што гонар і годнасць прэзідэнта ахоўваюцца законам. У праекце таксама гаворыцца, што пасля спынення сваіх абавязкаў прэзідэнт не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.
Частка паўнамоцтваў прэзідэнта па прызначэнні на пасаду і вызваленні ад яе пераразмяркоўваюцца.

Вынікі рэферэндуму-2022

У галасаванні па змене Канстытуцыі прынялі ўдзел каля 5,4 мільёны чалавек - 78,63% грамадзян, якія маюць права галасаваць. Большасць людзей прагаласавала за змены (4440830 чалавек, або 82,86%).
Самая актуальная інфармацыя аб сітуацыі вакол Украіны - у Telegram-канале Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Новая Канстытуцыя набудзе моц 15 сакавіка - Лукашэнка
Лукашэнка падпісаў рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму
ЦВК назвала колькасць грамадзян, якія прагаласавалі за змяненні ў Канстытуцыю