МІНСК, 23 сак - Sputnik. Беларусь лідзіруе сярод краін СНД па тэмпах пацяплення клімату, паведаміла журналістам у сераду начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату Белгідрамета Наталля Клявец, перадае карэспандэнт Sputnik.
"У Беларусі гадавая тэмпература паветра ў сярэднім расце на 0,6 градуса за 10 гадоў, гэтыя тэмпы росту перавышаюць хуткасць тэмпаў росту тэмператур па ўсім свеце ў 3,5 разы", - расказала Клявец.
Паводле слоў прадстаўніка Белгідрамета, хуткасць росту тэмператур найбліжэйшых краін блізкая да гэтых паказчыкаў. Разам з тым спецыяліст удакладніла, што Беларусь па хуткасці пацяплення клімату лідзіруе сярод краін СНД - з-за невялікай тэрыторыі краіны.
Клявец таксама расказала, што з-за пацяплення клімату ў Беларусі расце колькасць гарачых дзён, становіцца даўжэйшым кліматычнае лета, скарачаецца колькасць дзён у годзе з мінімальнай тэмпературай паветра менш за 25 градусаў.
Цяплее кожны сезон
Паводле яе слоў, у Беларусі рост тэмпературы паветра адзначаецца ва ўсе сезоны года, пачынаючы з 1980 гадоў.
"Але трэба адзначыць, што ва ўсе сезоны ў розныя гады адзначаюцца значныя адмоўныя адхіленні тэмпературы паветра, якія затым нівелююцца значнымі станоўчымі анамаліямі", - сказала спецыяліст.
Глабальнае пацяпленне
Закранаючы глабальную змену клімату на планеце, спецыяліст Белгідрамета адзначыла, што многія змены выкліканы выкідамі парніковых газаў. Паводле яе слоў, за перыяд 2011-2020 гадоў глабальная прыземная тэмпература паветра павялічылася ў сярэднім на 1.09 градуса ў параўнанні з даіндустрыяльным перыядам (1850-1900 гадамі).
"Існуе больш як 50-працэнтная верагоднасць таго, што глабальная прыземная тэмпература паветра дасягне або перасягне 1,5 градуса ў бліжэйшы час", - сказала Клявец.
Пры гэтым спецыяліст удакладніла, што дадзенае сцвярджэнне адносіцца нават да сцэнарыяў з нізкім выкідам парніковых газаў.
>>> Жадаеце яшчэ больш актуальных і цікавых навін - падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Рэдкія арланы-белахвосты патрапілі на відэа ў Белавежскай пушчы
Чым карысны скрыпень?