Алена Бурдылёва ў Беларусі два тыдні. Усё яшчэ не можа прызвычаіцца, што тут так ціха, што чуваць, як шумяць дрэвы. Яна са сваім 8-гадовым сынам прыехала з ДНР толькі на пару тыдняў - на рэабілітацыю. Але хутка вернецца назад, бо адзін раз ужо кінула хату, а вярнулася ў яе ўдавой, страціўшы ўсё, засталася з дзіцём-інвалідам на руках.
Косця з'явіўся на свет у страшны час - у лістападзе 2014 года. І адразу ж яго бацькі вырашылі з'ехаць з Данецка, ратуючыся ад ваенных дзеянняў. Успамінаць падзеі тых дзён Алена не жадае. Толькі са слязамі на вачах коратка апісала сваё жыццё:
"Пераязджаць я больш не планую, ужо раз гэта зрабіла. З'ехала з мужам, думала, усё будзе добра, а ў выніку прасядзела па скляпах, засталася ўдавой… Ужо ўсё… я вырашыла, што больш не паўтару такой спробы, застануся дома", – кажа Алена.
Косця Бурдылёў
© Sputnik / Виктор Толочко
Як бы ні было зараз спакойна ў Беларусі ёй і яе асабліваму дзіцяці, тут яна не плануе затрымацца даўжэй, чым на тры тыдні. Перавяла дух і назад, да бацькоў, якія засталіся ў Данецку.
У Косці - аўтызм і лёгкая ступень разумовай адсталасці. Ён прыехаў у Беларусь дзякуючы Данецкай грамадскай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў "Дэльфіны" і фонду ім. Аляксея Талая.
Косця амаль не размаўляе і рэагуе на навакольны свет зусім не так, як яго аднагодкі. Растлумачыць яму, што адбываецца навокал, проста немагчыма. Але ў яго тонкая, асаблівая сувязь з мамай, таму ўсе жахі перажытага за апошнія гады і гэтыя дні Косця адчувае.
“Застаецца толькі быць максімальна спакойнай. Даводзіцца тлумачыць, што трэба рабіць нешта хутка. Калі мы ўсе пачынаем бегчы і хавацца, дзеці таксама нервуюцца. Зразумела, што мы адаптуемся да ўсяго. Але калі выбухае нешта недзе побач, прывыкнуць немагчыма. І кожны раз усё страшней і страшней”, – расказвае Алена.
Цяпер яна шмат гуляе па тэрыторыі рэабілітацыйнага цэнтра – Косця гіперактыўны, яму патрэбны рух. Калі вецер занадта разгуляўся і ўдалечыні пачуўся трэск, Алена па звычцы тузанулася ў бок сына. Потым прыгадала, што побач не страляюць.
"Косця амаль не размаўляе. Такія дзеці замкнёныя, да іх складана знайсці падыход. Таму ўсё, што адбываецца - вялікі стрэс. Нават пераезд сюды, дзе ціха і спакойна - стрэс. Доўгае прывыканне да новай абстаноўкі, толькі праз два тыдні нешта ў ім пачало супакойвацца", - кажа Алена.
Поўны аўтобус з асаблівымі людзьмі два дні дабіраўся да Беларусі па гуманітарным калідоры. Дарослыя гавораць, што было вельмі складана, але цяпер усё добра. Адпачываюць і не перастаюць чытаць навіны.
“Усё паўтараецца: у нас няма вады, няма лекаў, амаль няма прадуктаў. У мяне там бацькі засталіся: просяць прывезці ў Данецк усяго па максімуме, у асноўным, вядома, лекаў. Ваду даюць на дзве гадзіны раз на два дні. У нас зараз вельмі цяжка, але я ўсё роўна вярнуся дадому", - імкнецца трымацца Алена.
Гэта ўжо трэцяя паездка дзяцей Данецка ў Беларусь. І далёка не апошняя: фонд Аляксея Талая зноў аб'явіў дабрачынны збор, каб у беларускія здраўніцы зноў маглі прыехаць дзеці з пацярпелых тэрыторый.
>>> Больш актуальнай інфармацыі – у Telegram-канале Sputnik Беларусь