Нібыта нічога незвычайнага: храм даволі стары і амаль 100 гадоў не функцыянаваў. Калі б не адно "але": за некалькі метраў ад яго знаходзяцца жылыя дамы, на якія ён можа абрынуцца. А гэта можа здарыцца ў любы час, мяркуюць жыхары вёскі.
"Калі б дах зрабілі, ён стаяў бы. Але дах камуністы не далі (зрабіць). А такія вітражы былі, вокны ўсякіх кветак: і сінія, і зялёныя. У вельмі добрым стане. Тут жа было шмат вернікаў… Калі быў цэлы, мы яшчэ не баяліся, а цяпер ужо рызыка вялікая. Можа загрымець у любы час” – кажа мясцовы жыхар Юры Рыгоравіч.
Мужчына сцвярджае, што касцёл будуць зносіць ужо зусім хутка. На месца абвальвання ўжо некалькі разоў прыязджалі абследнікі, запускалі дроны, каб ацаніць сітуацыю з паветра.
У першыя дні пасля абвальвання на тэрыторыі касцёла працавалі супрацоўнікі МНС. У дадзены момант участак дарогі Р3, якая злучае Лагойск з Браславам і мяжой з Латвіяй, перакрыты, а транспарт пускаюць у аб'езд. На месцы дзяжураць міліцыя - сочыць за тым, каб на тэрыторыю касцёла ніхто не заходзіў.
Пра тое, што будзе з касцёлам, пакуль невядома. Улады - Барысаўскі райвыканкам, Міністэрства культуры, а таксама Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі зараз прапрацоўваюць рашэнні. Цалкам верагодны і лагічны вердыкт - знос. Але ёсць некалькі важных нюансаў: як быць са скульптурай Маці Божай, якая захавалася на фасадзе касцёла, і бусламі, якія звілі гняздо на франтоне?
Зрэшты, адкладаць рашэнне ў доўгую скрыню ніяк нельга: руіны 400-гадовага касцёла могуць завагацца ў любы момант.