МІНСК, 21 кра - Sputnik. Кампанія "Беларуснафта" атрымала прытокі нафты ў некалькіх зонах Прыпяцкага прагіну, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па геалогіі Пётр Поўжык.
Па ацэнках геолагаў, рэсурсная база вуглевадародаў на новым нафтавым радовішчы і пакладах у суме перавышае 6 млн тон.
Поўжык праінфармаваў, што сёлета адкрыцці кампаніі звязаны з чатырма раёнамі – Брагінскім, Хойніцкім, Рэчыцкім і Жлобінскім.
"Сумарна ў гэтым годзе за кошт геолага-разведачных работ павялічылі больш як 6 млн т запасаў нафты", - дадаў ён.
Так, у Брагінскім раёне пацверджана прамысловая нафтаноснасць адкладаў на Усходне-Амелькаўшчынскай структуры. Папярэдняя ацэнка гэтай рэсурснай базы - 500 тыс. т нафты.
На Бескапыльнаўскім радовішчы ў Хойніцкім раёне спецыялісты "Беларуснафты" адкрылі 3 новыя высокапрадуктыўныя паклады. Іх патэнцыял ацэньваецца прыкладна ў 800 тыс. т нафты, а ў цэлым па радовішчы - больш за 3 млн т.
Даказана і нафтаноснасць на Паўночна-Бярэзінскім радовішчы ў Жлобінскім раёне. Запасы па гэтым радовішчы ацэньваюцца прыкладна ў 900 тыс.т нафты.
Вынікі свідравання пацвярджаюць перспектывы паўночнай часткі Бярэзінскага ўчастка, яго рэсурсны патэнцыял можа складаць больш за 3 млн т нафты.
Намеснік генеральнага дырэктара таксама паведаміў, што пры свідраванні разведачнай свідравіны на Гарцаўскім радовішчы ў Рэчыцкім раёне свідравіна выявіла высокапрадуктыўны нафтавы пласт.
Пошукі нафты працягваюцца
Цяпер "Беларуснафта" вядзе здабычу нафты на 61 радовішчы ў краіне. З пачатку распрацоўкі, гэта значыць за апошнія 55 гадоў, здабыта больш за 138 мільёнаў тон нафты, прасвідравана 7 мільёнаў метраў парод.
Як расказвалі ў "Беларуснафце", за апошнія пяць гадоў у Прыпяцкім рэгіёне адкрыта восем новых радовішчаў нафты. Пяць з іх - за за тры гады. У 2021 годзе было адкрыта тры новыя радовішчы – Гур'янаўскае, Нова-Даманаўскае і Усходне-Ізбыньскае.
Раней у прэс-службе "Беларуснафты" паведамлялі, што беларускія нафтавікі дзякуючы сучасным тэхналогіям навучыліся распрацоўваць радовішчы, якія лічыліся недаступнымі або нерэнтабельнымі. Згодна з планамі, у 2022 годзе будзе здабыта 1 мільён 800 тысяч тон нафты.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Новае нафтавае радовішча адкрылі ў Беларусі
Беларусь павялічыла план здабычы нафты ў 2022 годзе