У ДАІ расказалі, якія дакументы больш не трэба паказваць пры праверцы

Некаторыя дакументы ўсё ж давядзецца мець пры сабе вадзіцелям, у якіх ёсць нейкія хваробы і адпаведны медзнак на правах.
Sputnik
МІНСК, 21 кра - Sputnik. У выпадку спынення на дарозе інспектарам ДАІ мець пры сабе неабходна толькі два дакументы, расказалі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.
Нагадаем, новы прэзідэнцкі ўказ аб зменах Правілаў дарожнага руху быў прыняты 18 красавіка. Асноўныя нормы дакумента датычацца хуткасных абмежаванняў, сродкаў персанальнай мабільнасці - гіраскутараў, электрасамакатаў, монаколаў - і пераліку вадзіцельскіх дакументаў.
"На цяперашні момант гэта вадзіцельскае пасведчанне і пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку (тэхпашпарт). Не трэба мець пры сабе страхоўку і дакумент, які пацвярджае наяўнасць тэхагляду. Супрацоўнікі ДАІ маюць магчымасці праверыць гэта ўсё выдалена", - сказалі ў ДАІ МУС Беларусі.
Медыцынскую даведку таксама не абавязкова мець пры сабе. Аднак вазіць яе трэба тым людзям, у якіх на правах ёсць медыцынскі значок. Гэта азначае, што ў іх ёсць нейкія хваробы, якія перашкаджаюць кіраванню транспартным сродкам. Без меддаведкі такія правы будуць лічыцца несапраўднымі, а пратэрмінаваная даведка прыраўноўваецца да язды без правоў.
Таксама меддаведка спатрэбіцца пры запісе ў аўташколу, пры адкрыцці новай вадзіцельскай катэгорыі, пры замене старых правоў на новыя, пры аднаўленні правоў пасля пазбаўлення, пры ўладкаванні на "кіроўчую" пасаду, а таксама пры выездзе за мяжу на асабістым аўто.

Колькі можна ездзіць з пратэрмінаванымі правамі?

У снежні мінулага года ў Беларусі быў выдадзены ўказ, якім аўтаматычна прадаўжалася дзеянне розных дакументаў, у тым ліку і вадзіцельскага пасведчання. Гэта значыць, калі тэрмін дзеяння правоў заканчваўся ў снежні 2021-га, то па іх яшчэ можна ездзіць да чэрвеня 2022-га.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Дзяржаўтаінспекцыя пракаменціравала змены ў ПДР
Аматараў электрасамакатаў і монаколаў прыраўняюць да пешаходаў
У МПЗ растлумачылі нюансы выплаты транспартнага падатку