ЕАБР прагназіруе падзенне ВУП Беларусі

Эксперты банка мяркуюць, што адной з асноўных прычын эканамічнага спаду стануць санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі шэрагам заходніх краін.
Sputnik
МІНСК, 1 чэр – Sputnik. Еўразійскі банк развіцця прадказвае Беларусі зніжэнне ВУП на 6,5% у 2022 годзе, такая інфармацыя змяшчаецца ў апублікаваным макраэканамічным прагнозе банка.
Базавы сцэнарый прагнозу ЕАБР мяркуе, што з гэтых 6,5% страт ВУП 3% зойме скарачэнне вытворчасці з-за санкцый, 0,3% – спыненне нафтавага экспарту ва Украіну, 2,7% – скарачэнне ВУП Расіі і 2% зоймуць у стратах беларускага ВУП другасныя эфекты. Антыкрызісныя меры ўрада і IT-сектар будуць здольны кампенсаваць толькі 1,5% гэтых страт.
Эксперты банка мяркуюць, прычынамі гэтага эканамічнага спаду стануць санкцыйныя абмежаванні, уведзеныя супраць Беларусі шэрагам заходніх краін, разрывы вытворчых і лагістычных ланцужкоў, а таксама зніжэння эканамічнай актыўнасці ў Расіі.
Усё гэта, паводле ацэнкі спецыялістаў, можа прывесці да страты ў гэтым годзе каля 10 мільярдаў долараў экспарту тавараў і паслуг.

Падзенне ВУП працягнецца

Паводле інфармацыі ЕАБР, эканоміка Беларусі ў студзені-сакавіку гэтага года была ў фазе рэцэсіі. ВУП краіны за гэты перыяд скараціўся прыкладна на 0,6% да папярэдняга квартала з устараненнем сезоннасці і аказаўся на 0,4% менш, чым годам раней. У прагнозе гаворыцца, што ў другім квартале эканамічны спад у Беларусі яшчэ ўзмоцніцца. Гэта будзе звязана з чаканым скарачэннем спажывецкай і інвестыцыйнай актыўнасці, а таксама са зніжэннем экспарту. Таксама ў найбліжэйшыя месяцы, паводле прагнозаў эканамічных экспертаў, захаваецца слабая дынаміка імпарту.
Згодна з прагнозамі, у 2023 годзе падзенне ВУП краіны працягнецца, яго скарачэнне складзе 3%. Пры гэтым аналітыкі банка не выключаюць вяртанне беларускай эканомікі да росту ў 2024 годзе – ВУП хоць і нязначна, але можа павялічыцца на 1,5%, калі эканоміка краіны здолее адаптавацца да ўмоў, якія змяніліся.
Паводле ацэнкі банка, сукупныя страты ВУП Беларусі за 2022-2023 гады могуць скласці амаль 10% да аб’ёму 2021-га.

Якім будзе курс рубля да долара ў канцы года

Беларускі рубель з пачатку года аслабеў на 9,4% да карзіны замежных валют. Гэта, на думку спецыялістаў ЕАБР, звязана ў асноўным змяншэннем валютных экспартных даходаў у сакавіку і ростам дэвальвацыйных чаканняў. Пры гэтым зніжэнне імпарту і ўведзеныя для беларусаў абмежаванні на набыццё валюты стрымлівалі маштаб паслаблення нацыянальнай валюты.
У красавіку беларускі рубель здолела "падтрымаць" і канверсаванне валютнай выручкі экспарцёрамі для выплаты квартальных падаткаў. Таму аналітыкі банка лічаць, беларускі рубель зараз пераацэнены да карзіны замежных валют і перш за ўсё да долара і еўра. "Ступень гэтай пераацэнкі будзе зніжацца па меры росту ўплыву знешніх абмежаванняў на сальда знешняга гандлю", - гаворыцца ў прагнозе.
Інфляцыя ў бягучым годзе, паводле іх прагнозаў, дасягне 18%, а сярэдні курс долара за 2022 складзе 2,78 беларускага рубля. Асноўнай прычынай паслаблення беларускага рубля аналітыкі называюць скарачэнне прафіцыту знешняга гандлю таварамі і паслугамі праз санкцыі.
У 2023 годзе інфляцыя можа замарудзіцца да 8%, а сярэднегадавы курс долара вырасце да 3,15 беларускага рубля. У 2024 годзе сітуацыя можа скласціся наступным чынам: інфляцыя складзе 5,5%, а сярэднегадавы курс долара – 3,42 беларускага рубля.

Як санкцыі і сітуацыя ва Украіне ўплываюць на эканоміку

ЕАБР адзначае, што імпартныя абмежаванні шэрага краін Захаду наўпрост закранаюць галіны прамысловасці, на якія прыпадае каля 10% ВУП Беларусі. Гэта хімічная, нафтаперапрацоўчая і нафтаздабываючая прамысловасць, дрэваапрацоўка, металургія, вытворчасць гумавых і пластмасавых вырабаў, іншых неметалічных мінеральных прадуктаў.
Прамы ўплыў санкцый на выпуск прадукцыі гэтых галін ацэньваецца банкам менш за 10% ВУП: частка тавару рэалізуецца на ўнутраным рынку, частка адгружаецца ў краіны, якія не ўводзілі абмежаванні. Аналітыкі банка ацэньваюць прамы негатыўны эфект для ВУП ад змяншэння аб’ёмаў вытворчасці ў пералічаных галінах у памеры каля 2,3% у бягучым годзе. Яны мяркуюць, што ў наступным годзе ў беларускай прамысловасці ёсць шанс захаваць выпуск на ўзроўні 2022 года, калі ёй удасца адаптавацца да новых умоў.
Страта ненафтавага экспарту ва Украіну можа каштаваць ВУП у 2022 годзе каля 0,3% і яшчэ каля 0,4% – у 2023-м.
Прамыя страты беларускага ВУП ад транспартных абмежаванняў ацэньваюцца каля 0,7% у 2022 годзе. "Прамы эфект ад абмежаванняў з боку ЕС на транспартную галіну можа быць супастаўны з эфектам у "кавідным" другім квартале 2020 года, калі дабаўленая вартасць транспартнай галіны ўпала больш як на 11% да папярэдняга квартала з устараненнем сезоннасці", - гаворыцца ў прагнозе. Аднак у 2020 годзе ўсё дастаткова хутка аднавілася, цяпер, на думку аналітыкаў, хуткага аднаўлення чакаць не варта.
Акрамя таго, санкцыі негатыўна паўплывалі і на іншыя галіны. Страты IT-сектара могуць сумарна скласці каля 2% ВУП у 2022 годзе і каля 0,5% ВУП у 2023 годзе.
Яшчэ каля 2,7% страт ВУП у 2022 годзе і 1% у 2023 годзе можа быць звязана з падзеннем эканомікі Расіі – ключавога гандлёвага партнёра Беларусі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Гродзенскі мясакамбінат пастаўляе штомесяц 150 тон прадукцыі ў Расію
Краіны ЕС дамовіліся аб новых санкцыях у дачыненні да расійскай нафты
Экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты панізіліся ў Беларусі
Прэзідэнт Беларусі гатоў вазіць калій "мяшкамі" або дызель "бочкамі"
Лукашэнка абяцае падтрымаць бюджэтнікаў і пенсіянераў