У пятніцу ў Інстытуце гісторыі акадэмічную супольнасць сваім працоўным візітам разбавіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Экскурсія па музеі прайшла не па сцэнарыі: высокі госць аказаўся падрыхтаваным. Рэмаркі і заўвагі пасыпаліся ад кіраўніка ўрада, калі кіраўнік прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, акадэмік Аляксандр Каваленя і дырэктар Інстытута Уладзімір Лакіза паказалі стэнд, прысвечаны раскопкам на Нямізе. Як у навукоўцаў стала на адну задачу больш, даведаўся карэспандэнт Sputnik Станіслаў Андросік.
Менка ці Няміга
"Дзе размяшчаўся Мінск першапачаткова: тут ці тут?", - паставіў пытанне рубам Раман Галоўчанка і паказаў на карце на вуліцу Нямігу і гарадзішча за 10 км ад сталіцы.
Пасля чаго сам на яго і адказаў, што ёсць толькі меркаванні, дзе ўзнік летапісны Менск, а навукова-абгрунтаванай пазіцыі ў беларускіх археолагаў няма.
Паводле слоў прэм'ера, гісторыкі да гэтага часу выкарыстоўваюць тэорыю Эдуарда Загарульскага сярэдзіны ХХ стагоддзя, а новых пошукаў не вядзецца.
"Вы мяркуеце, а гэта важнейшае пытанне для сталіцы любой дзяржавы. Гістарычна гэта самае важнае пытанне: дзе першапачатковае месцазнаходжанне. І ў вас акадэмічна абгрунтаванага рашэння да гэтага часу няма. Ёсць гіпотэзы, ёсць меркаванні", - канстатаваў Раман Галоўчанка.
Кіраўнік прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка і дырэктар Інстытута Уладзімір Лакіза
© Sputnik / Виктор Толочко
На яго думку, навукоўцы павінны сабраць доказы, каб вызначыць, дзе знаходзіўся Мінск і нагадаў пра радкі ў летапісе: "на Нямізе (..) не снапы, а галовы кладуць". Бо ёсць гіпотэза, што будучая сталіца ўзнікла на гарадзішчы на беразе Менкі, а пасля пажару горад быў ужо перанесены на Нямігу, але доказаў няма.
Унікальны пратагарад
Раман Галоўчанка лічыць, што праблема заключаецца ў тым, што гарадзішча на Менцы не даследавана археолагамі належным чынам. Таксама ідуць справы і з раскопкамі на Нямізе, калі частка тэрыторыі забудавалі спартыўным аб'ектам.
"Раман Аляксандравіч, даследаванні не спыняем", - запэўніў кіраўніка ўрада Вадзім Лакіза.
© Sputnik / Виктор Толочко
Па словах дырэктара Інстытута, навукоўцы пісалі ў Мінгарвыканкам з прапановай музеефікаваць аб'екты.
Прэм'ер у сваю чаргу яшчэ раз звярнуў увагу, што афіцыйная навука стаіць у баку ад гарадзішча на Менцы.
"Помнік унікальны знаходзіцца блізка ад горада. Іншага такога па маштабах няма - пратагарад, яго першапачатковае месцазнаходжанне. І нічога няма, больш за тое, ён хмызняком увесь зарос", - панаракаў Раман Галоўчанка.
І спытаў з навукоўцаў: "А ў вас канцэпцыя ёсць? І якая?"
Вадзім Лакіза парыраваў, што ёсць канцэпцыя і аднаўлення, і развіцця. Абнавіць гісторыкам яе нічога не варта.
"Мы падавалі яе ў Мінгарвыканкам", - пацвердзіў Аляксандр Каваленя.
Магутная задача археолагам
"Ёсць фонд прэзідэнта па падтрымцы мастацтва і культуры. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне перагледзець напрамкі яго выкарыстання", - расказаў вучоным кіраўнік урада.
Раман Галоўчанка растлумачыў, што гэта значная сума і яе трэба накіраваць на адзін значны аб'ект.
"Тут трэба зрабіць значны археалагічны аб'ект. Гэта магутная задача для Інстытута", - абазначыў прэм'ер.
"Трэба з гэтым пагадзіцца", - прыняў да ўвагі даручэнне Уладзімір Гусакоў.
Следам Вадзім Лакіза прызнаўся, што адзін Інстытут гэтага не зробіць.
© Sputnik / Виктор Толочко
"Зразумела, што ваша справа - гэтае навуковае абгрунтаванне і кіраўніцтва працамі. Але ў цэлым, на мой погляд, гэта адзін з найважнейшых аб'ектаў, на якіх трэба канцэнтравацца. У вас хутка тысячагоддзе Мінска - у 2067 годзе. Засталося 40 з невялікім гадоў. Па гістарычных мерках гэта праляціць вось дык вось", - адзначыў Раман Галоўчанка.
У сваю чаргу Аляксандр Каваленя абазначыў праблему, з якой сутыкнуліся гісторыкі, што ні Мінскі аблвыканкам, ні Мінгарвыканкам не хочуць прызнаваць гарадзішча сваім аб'ектам.
"Яшчэ раз паўтараю, каб з чагосьці пачаць, патрэбна канцэпцыя. У рэшце рэшт вы павінны адказаць, як акадэмічныя вучоныя, дзе ўзнікла сталіца цяперашняй беларускай дзяржавы", - заклікаў вучоных прэм'ер.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь