Відэа

Карнавал па-беларуску: як адкрывалі фестываль нацыянальных культур у Гродне - відэа

Тэатралізаванае шэсце нацыянальнасцей, якія пражываюць у Беларусі, падчас якога яны прэзентавалі свае касцюмы, традыцыі і культуру, прайшло ў Гродне. Як гэта было глядзіце ў відэасюжэце Sputnik.
Sputnik
Тэатралізаванае шэсце – гэта традыцыйная і самая яркая частка цырымоніі адкрыцця Фестывалю нацыянальных культур, які лічыцца візітнай карткай Гродна. Фестывалю каля 30 гадоў, сёння ён праводзіцца пасля чатырохгадовага перапынку. У гэтым годзе ў тэатралізаваным шэсці ўдзельнічала крыху больш за трыццаць нацыянальнасцей. Кожная дыяспара рыхтавала прэзентацыю касцюмаў і міні-прадстаўленні, каб паказаць традыцыі і тэмперамент свайго народа. З танцамі, песнямі ўдзельнікі прайшліся па цэнтры Гродна ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай.
На чале калоны неслі вялізнае палатно з сімвалам Фестывалю нацыянальных культур – кветкай-сямікветкай. Далей ішлі прадстаўнікі нацыянальных дыяспар. Гараджане сталі ўздоўж тратуараў, каб убачыць у адным месцы яркія прэзентацыі ўдзельнікаў. Тут былі гарачыя цыганскія і грузінскія танцы, песні рускіх пад гармонік і бравае выступленне казака з шашкай, прывітанні ўкраінцаў, якія неслі на чале калоны кавалак сала. Асаблівае захапленне выклікалі і маляўнічыя нацыянальныя строі.
Сёлета Фестываль праходзіць 13-ы раз. Асноўныя гулянні ў горадзе адбудуцца ў суботу, 4 чэрвеня, на нацыянальных падворках. Тут удзельнікі нацыянальнага фестывалю змогуць прадэманстраваць яшчэ нацыянальныя напоі ды стравы сваіх краін. Падворкі размесцяцца на цэнтральных вуліцах Гродна.
Паралельна ў абласным цэнтры будуць працаваць кірмашы рамеснікаў і шматлікія забаўляльныя і інтэрактыўныя пляцоўкі. На плошчы Савецкай у абед пройдзе канцэрт ансамбля "Песняры", а вечарам – канцэрт Аляксандра Саладухі.
Завершыцца XIII Фестываль нацыянальных культур у нядзелю, цырымонія закрыцця пройдзе на Аўгустоўскім канале пад Гродна.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Свята на тры дні: праграма фестывалю нацыянальных культур у Гродна
У Полацку адкрылі Цэнтр рускай мовы, гісторыі і культуры
"Каб спыніць на свеце войны…": дзіцячыя творы беларускіх паэтаў
"Евразия.DOC" запрашае сяброў – відэа
"Старэйшы брат як другi бацька": беларускія прыказкі пра дзяцей