МІНСК, 15 ліп – Sputnik. Беларусь падала заяўку на ўступленне ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС), такую інфармацыю пацвердзіў генеральны сакратар аб'яднання Чжан Мін.
"Сапраўды, Беларусь ужо афіцыйна падала заяўку на далучэнне да ШАС у якасці паўнапраўнага члена", – заявіў Мін.
Генеральны сакратар лічыць, што гэта сведчыць аб тым, што беларускія ўлады прыйшлі да высновы, што "каштоўнасці і прынцыпы ШАС адпавядаюць каштоўнасцям Беларусі".
Па інфармацыі в.а. кіраўніка ўзбекскага МЗС Уладзіміра Норава, якую ён агучыў раней, Беларусь ужо накіравала зварот усім краінам-членам арганізацыі, на саміце ў Самаркандзе можа стартаваць працэдура па прыёме краіны ў члены ШАС. Правядзенне гэтага саміту запланавана на верасень.
ШАС
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва заснавана ў 2001 годзе. У яе склад уваходзяць такія краіны, як Індыя, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Пакістан і Узбекістан.
Краінамі-назіральнікамі ў гэтай міжнароднай арганізацыі лічацца Аўганістан, Беларусь, Іран і Манголія. Краінамі-партнёрамі з'яўляюцца Азербайджан, Арменія, Камбоджа, Непал, Турцыя і Шры-Ланка.
На саміце ШАС у Душанбэ, які прайшоў у верасні мінулага года, пачалася працэдура прыёму Ірана ў гэтую арганізацыю, а таксама аб прадастаўленні статусу партнёра па дыялогу Егіпту, Катару і Саудаўскай Аравіі.
Беларусь і ШАС
На сённяшні дзень Беларусь мае статус назіральніка ў ШАС. Гэта дае магчымасць рэспубліцы прымаць удзел у пасяджэннях Савета кіраўнікоў урадаў краін-членаў арганізацыі, нарадах міністраў па знешнеэканамічнай і знешнегандлёвай дзейнасці. У пасяджэннях кіраўнікоў дзяржаў ШАС бярэ ўдзел беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь таксама развівае ўзаемадзеянне ў ШАС у ваеннай сферы, па лініі антытэрарыстычных структур. Прадстаўнікі арганізацыі прыяжджаюць у Беларусь назіраць за выбарамі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь