Лясёнка з ліпеньскімі зёлкамі і напіткі ў гарачы дзень

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра збор травы і дзеліцца рэцэптамі, якія дапамогуць выратавацца ад спякоты.
Sputnik
Сярэдзіна лета — гарачая пара для збірання лекавых раслін і ягад. Сёлетняе ліпеньскае надвор’е спрыяе гэтай справе і, вылучыўшы сонечны дзянёк варта паспяшацца на спатканне з лесам.

Ліпень пахне зёлкамі

Кожны год нецярпліва чакаю чароўны ліпень і той час калі зёлкі набіраюць сваю гаючую сілу. Збіранне іх і цяпер, як і ў маленстве, калі гэтаму вучыла бабуля, ўспрымаецца як захапляючая прыгода. Вось і зараз, быццам чую голас старэнькай: “Ліпень пякучы, але даручы. Хадзем унучка ў лес па маліны”. Гэта азначала, што наперадзе збіранне не толькі ягад, але і зёлак. Лес быў у некалькіх кіламетрах ад вёскі і, каб захапіць спрыяльны час, выпраўляліся туды росным ранкам. Усё патрэбнае для вандроўкі бабуля збірала з вечара і заставалася толькі прыхапіць патрэбны посуд, кош, серп і невялікую посцілку. Абедаць меркавалася ў лесе і таму ў кашы ляжала бутэлька з малаком, закаркаваная кавалкам скручанай газеты, хлеб, некалькі скрылікаў салёнага сала і першы агурок з градкі. Гэтага хапала, каб падсілкавацца, сеўшы на разасланую ў лясным цяньку посцілку.
Па дарозе бабуля звяртала ўвагу на зёлкі, вылучаючы з іх цалебныя: “Глядзі, вось валошка, вось крываўнік і падбел, а там святаяннік, палын і сабачая мята...”. На пытанне чаму мята “сабачая” адказвала, што у гародзе расце садовая мята, яна больш духмяная, а ў полі дзікая мята і пах у яе “глухі”, горшы, “сабачы”. Калі ж зелле або ягады атрутныя, то іх называлі “воўчымі”.

Катомка і лясёнка — сваячкі заплечніка

Натрапіўшы на святаяннік, мяту і чабор бабуля брала ў рукі серп. Я ж, ідучы па зёлкі не забываюся прыхапіць з сабой нажнічкі, каб не шкодзіць шматгадовым раслінам і заўсёды пакідаю большую іх частку на насенне. Зжатыя зёлкі акуратна складаліся ў посцілку, да рагоў якой былі прышыты доўгія матузы (джгуры, шкуты, пляцёнкі). Матузы звязвалі з чатырох супрацьлеглых бакоў і ўтваралася круглая лясёнка.
Чабрец
Лясёнку звычайна насілі на сабе, замацоўваючы вольныя рагі на грудзях у вузел. Падобнай да лясёнкі была і меньшая па памерах катомка, якую часта “круцілі” з хусткі. Вядома ж, цяпер катомкі і лясёнкі амаль забытыя. Праўда не так даўно, на пероне мінскага метро сустрэла жанчыну з лясёнкай за плячамі. Пакуль вагалася ці магу зрабіць фота такой рэдкай з“явы, падышоў цягнік і жанчына знікла ў натоўпе. Міжволі падумалася, што ў наш час, поўны ўсялякіх зручных прыстасаванняў заўсёды знойдзецца чалавек, які будзе карыстацца вопытам продкаў.
Лясёнка – посцілка насіць сена, траву, салому.
Катомка – клунак, рукзак.
Мы ж у спякотны ліпеньскі дзень калі хочацца піць скарыстаемся нашымі кулінарнымі традыцыямі. Наталіць смагу дапамогуць як халодныя так і гарачыя напоі. Акрамя высокіх смакавых якасцей морсы, напоі і зельная гарбата — добры сродак падтрымаць імунітэт. Вось некалькі цудоўных рэцэптаў, якія дапамогуць перабыць спёку.
Морс — цудоўны напой, які ўжываюць у залежнасці ад пары года гарачым або халодным. Гатуюць яго з сумесі фруктовых або ягадных адвараў, сокаў і цукру.

Морс з малін

З чаго гатаваць.
1,5 шклянкі малін
0,5 шклянкі цукру
1 л вады
Як гатаваць. Ягады перабраць, памыць, размяць драўляным таўкачыкам у керамічным або шкляным посудзе і адціснуць сок. Жамерыны заліць гарачай вадой і закіпяціць. Адвар працадзіць, усыпаць цукар, перамяшаць, давесці да кіпення, астудзіць і дадаць у адвар раней адціснуты сок.
Збіраючы ў лесе маліны лёгка натрапіць на кісліцу, якую ў народзе называюць заечай капустай або зязюлінай канюшынкай. З маладых, далікатных лісцікаў гэтай кіслай, як шчаўе травы гатуюць супы і напіткі з рознымі дадаткамі. Вось класічны варыянт.

Напой з зязюлінай канюшынкі (кісліцы звычайнай) .

З чаго гатаваць.
200 г зязюлінай канюшынкі
1 л халоднай гатаванай вады
мёд па смаку
Як гатаваць.Траву прамыць, адкінуць на дуршлаг і дробна пакрышыць, каб пусціла сок, заліць вадой і даць пастаяць 2 гадзіны. Затым напой працадзіць, дадаць мёд па смаку. Цяпер можна піць.
Заўвага:Такі напой не толькі прыемны на смак і добра наталяе смагу, але і карысны пры лячэнні авітамінозу, рэгулюе страваварэнне, дапамагае пры іншых захворваннях. Не гледзячы на гэта злоўжываць не варта, каб паберагчы ныркі.

Гарбата зельная

Гатуючы такую гарбату, абіралі водарныя зёлкі прыемныя на смак. Пілі яе толькі свежай і добра настоянай. Класічнай лічыцца мерка — 1 чайная лыжка сумесі на 1 шклянку вады. Зельную гарбату не падсалоджваюць цукрам, але яе можна падаваць з мёдам або варэннем. Пры гэтым слодыч не дадаюць.
Травяной сбор
I варыянт
Як гатаваць. Узяць па роўных частках кветкавых кошыкаў рамонка аптэчнага і лісця мяты перцавай, заварыць кіпенем і настаяць.
II варыянт
Як гатаваць. Узяць па роўных частках лісця чорнай смародзіны, мялісы, сунічніку, чабару, заварыць кіпенем і настаяць.
IІІ варыянт
Як гатаваць. Узяць па роўных частках лісця чорнай смародзіны, мяты перцавай, малінавага лісця, заварыць кіпенем і настаяць.
* гарбатай на Беларусі здаўна называецца чай з зёлкавага збору ад лацінскага слова “herba” расліна.
* мацярдушка звычайная– душица обыкновенная.
Добрага надвор“я і шчаслівых прыгод!
Чытайце таксама:
"Провады русалкі", або Як атрымаць добры ўраджай капусты
Васілёк – аптэка і сталоўка ў адной талерцы
Яўдоха, які трымае ў руцэ лета, або Гаспадарскія клопаты і стравы ў пост